Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/422

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зіраў ён: вільготны, гразны пясок выглядаў з-пад сьнегу на дарожках, мокрымі былі зялёныя лаўкі, дрыжэлі і хісталіся голыя галіны дрэваў. Мы падайшлі да Вілейкі. Холадам веяла ад яе пацямнеўшай вады, няпрыветна глядзеў круты бераг. Тут-жа адзінока стаяў апусьцелы гмах даўно ўжо зачыненага і закалочанага летняга тэатру, а на яго сьцяне вецер трапаў і прабаваў сарваць старую сьлізкую, напалову адляпіўшуюся, афішу. Нудна была глядзець на ўсё гэтае, і мы, патаптаўшыся, павярнулі назад. Але тут нас аклікнулі; з баковай дарожкі набліжалася панна, каторая, павітаўшыся, заглянула да аднаго з нас, — да Базыля, — у вочы і сказала з вясёлым сьмехам: «Вы чулі, Ганна Рафаілаўна выходзіць замуж за Яна? Шлюб прызначаны на заўтра».

Пасьля гэтых слоў сталася нешта зусім неспадзяванае. Базыль нязграбна ўзмахнуў рукамі, нямаведама чаму пачаў папраўляць сабе белы каўнерык ды, скончыўшы, апусьціўся на лаўку і закрыў далонямі твар, схіліўшы галаву амаль не да кален. Напружыліся жылы на яго шыі, і, як затрасьліся, так і не пераставалі трасьцісь вузкія плечы. Мы стаялі вакол, ня ведаючы, што сказаць, што зрабіць. Першай загаварыла Марына. Падышоўшы бліжэй да Базыля, яна трохі паглядзела на яго і жалобна сказала самой сабе:

«Плача… і невядома з чаго».

Пасьля падышла да яго і пачала прыгаварваць, як дзіцёнку, тыя самыя словы, каторыя, пэўна, ня раз казалі ёй самой:

— «Ня плач… ну, ня плач… Як табе ня сорамна: такі вялікі, а плачаш… Ня плач… Глядзі-ж, ня плач, а то і я заплачу».

І, бачачы, што Базыль не адбірае рук ад твару, трохі супынілася, але тут-жа нешта згадала і пачала шпарка шукаць у кішэні. Праз поўмінуты ў яе кулачку ляжала стракатая цукерка, каторую яна прабавала пакласьці ў далонь Базылю, прыгаварваючы разам з гэтым:

— «Вазьмі цукерку, толькі ня плач. Ах, які ты дурань… Чаго-ж ты плачаш? Я-ж табе цукерку даю».

А ў Базыля ад гэтай неспадзяванай ласкі і спачуцьця маленькай дзяўчынкі яшчэ мацней уздымаліся грудзі і прарываліся кароткія ўсхліпываньні.