Сухонькі, нізенькі, але досыць яшчэ жвавы старычок, трымаючы на каленях маленькую дзяўчынку з быстрымі вочкамі і сьветлымі ільнянымі валасёнкамі, наставіцельна казаў ёй:
— Німаш такога слова «апа», гэта-ж ты сама выдумала яго, а ўсе людзі кажуць «ма-ла-ко». Чуеш, Марыначка, ма-ла-ко?
— Апа.
— Ат якая ты! Ну, будзем тады гаварыць па кавалачках. Скажы, Марыначка, «ма».
— Mа.
— Скажы «ла».
— Ла.
— Скажы-ж яшчэ «ко».
— Ko.
— Вось як добра, разумніца ты мая. Ну, а цяпер усё разам: «Ма-ла-ко».
— Апа!
Я мімаволі расьсьмяяўся; засьмяяліся і дзяўчынка і старычок; мы пазнаёміліся.
∗ ∗
∗ |
Ад тых часоў прайшло каля двух гадоў. Я падружыўся з Марынай, — мілай дзяўчынкай, каторай цяпер ужо быў чацьверты год, — пазнаёміўся з яе бацькамі і таварышкамі. Яна вучыла мяне гуляць у рожныя дзіцячыя забаўкі, я ёй апавядаў казкі, і мы абое вельмі цешыліся з нашага знаёмства. Асабліва-ж хораша было ісьці з ёй куды-небудзь на шпацыр, хаця-бы ў той-жа Бернардынскі сад. Тады ўсе сустрэчныя лічылі яе за майго дзіцёнка, і мне рабілася ад гэтага вельмі прыемна.
Таксама, калі ў версьні выдаўся першы зазімак, і чысты, пушысты сьнег усьцілаў вулкі Вільні, мы ня ўседзелі ў хаце. Шпарка апрануўшыся, вылецелі мы стуль, каб паглядзець, што робіцца на Вілейцы, — так казалі мы хатнім, — а сапраўды толькі дзеля таго, каб адзначыць на белым сьняжку як мага болей сьлядоў, папраламываць хрушчашчыя скарынкі лёду сяродзь калюжын, перадражніць азябшую, хрыплую варону на паркане. Разам з намі высыпаў ужо гурток рожнай моладзі, і мы з гоманам памкнулі ў Бэрнардынскі сад. Невясёла па-