Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/420

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

5.

МАРЫНА.

Пасьля сквернага, задушнага дня няпрыкметна надышоў вечар, павеяў ціхі вецярок, і вуліцы Вільні пачалі ажыўляцца. Па шырокім тротуарам Георгіеўскага проспэкту ліўся жвавы, але яшчэ ня густы натоўп, кіруючыся да Бэрнардынскага саду, куды разам з усімі прынёс і мяне.

Незанятых лавак ня было, і прышлося апусьціцца на тую, дзе ўжо сядзеў нейкі дзядок з маленькай дзяўчынкай. Недалёка віднеліся зеленаватыя струі Вілейкі, каторая зрабіла тут шырокую луку, падмываючы гарысты бераг. Крута ўздымаўся ён, высокі і абрывісты, а па яго верхняму краю разрасьліся кучаравыя дрэвы і кусты; ніжэй зелянела трава, пад ёй-жа да самай вады ішлі жоўтыя, гліністыя скаты. І пекна было бачыць, як ірдзяны круг сонца, апусьціўшыся насупроць амаль не да зямлі, заліваў іх чырвоным сьвятлом, і яны браліся ў такі кволы агністы колер, каторы можна спаткаць толькі на скрыдэльцах матылькоў.

Але нядоўгавечна на сьвеце краса. Ніжэй і ніжэй спускалася сонца, зьнікаючы за шырокім кругам зямлі; усё бляднейшым рабілася агністае афарбаваньне высокіх гор, усё мацней праступала з-пад яго жаўцізна берагавой гліны. Нарэшце яно згасла ўканец… І неяк адразу ўсё вакол зрабілася дакучным і грубейшым; я пачуў, што паветра даўно ўжо напаўняецца халоднай вільгацьцю, а ў галаве вынікла думка, што хутка трэба йсьці дамоў, дзе прыдзецца размаўляць аб адной няпрыемнай справе. Не хацелася бачыць ані той бераг, ані горы, і я перавёў погляд на сваіх суседзяў па лаўцы.