Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/419

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— «Ат, — адмахнуўся ён рукой. — Я-ж і кажу вам, што не адразу вырабілася ў чалавека ўменьне бачыць у прыродзе красу. Вось вы і час паказалі, калі яно разьвілося досыць поўна, — пару «Адраджэньня». А што да грэкаў, каторыя ня ўмелі ўкрыць ад сваіх вачэй красою жах зямлі, дык затое-ж паміж іх узрасла вера ў нястрыманую моц сьляпога, адвечнага Кона: усе грэцкія трагедыі, найвялікшыя трагедыі, лепш ад каторых ня было ні ранш, ні пазьней, усе яны кажуць аб адным: як гэты Кон нішчыць волю і сілы чалавека, як ламае іх, быццам тонкія пруцікі. Цяпер мы ня бачым зямлю страшнай, а бачым яе прыгожай, і таму ў нашай трагэдыі няма Кона. Ува ўсіх нашых драмах, романах, апавяданьнях трагізм таіцца не за чалавекам, а ўнутры яго, у тых цёмных, дзікіх сілах, каторыя ён калісьці скарыў, заціснуў у падзямельле душы, забыўся на іх і з жахам загадывае толькі тады, калі яны раптоўна прарвуцца, заліюць сабою мазгі, затуманяць розум, зьніштожаць адпор волі, кінуць чалавека ў брудныя і шалёныя ўчынкі».

Кажучы гэтае, мой сусед ужо не сядзеў: як чорная мара, стаяў ён перада мною, а чырвоны кончык папіроскі ў яго руцэ рабіў сярэдзь цёмнага паветра шырокія агнявыя кругі. Але гутарка наша, ужо зацікавіўшая мяне, так і не дайшла да канца. Гулка загудзеў параход, забегалі матросы, ажывілася публіка. Мы аглянуліся: на высокім, змрочным берагу чорным зломам падымалася званіца, сьвяціліся аганькі, віднеліся дзьве-тры чырвоныя плямы — бартовыя ліхтары параходаў, стаяўшых тут у прыстанях. Гэта быў Яр..., горад, у каторым майму падарожнаму трэба было сыйсьці. Мы разьвіталіся. А ў тую-ж ноч, яшчэ недалёка адышоўшы ад прыстані і даўшы поўны ход, наш «Баян» натрапіў у змроку на лодку, і я мог зразумець, чаго варта краса гэтай цёмнай ночы і аксамітна-чорнай вады: пачуліся крыкі, нехта кінуў ратунковы круг, але ў цемні ня было бачна, хто тоне, дзе тоне і ці туды было трэба кідаць. Параход зьменшыў свой ход, завярнуўся, напаткаў мінут праз дзесяць перавернутую ўверх дном лодку, але каля яе ня было бачна жаднага чалавека. Раздаўся гудок, і параход ізноў пайшоў упярод.