Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/418

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

падхадзі, — усë Нарымскі край неспадзявана добры. Гляджу я, — шаман ад песьні больш, чым ад гарэлкі, сп’янеў: усе павесялелі; гаспадар нават з нейкай пагардай на мяне ўзіраецца: бач, значыцца, якая наша старонка.

І здалося мне тады, што я на адзін з найвялікшых каранёў красы натрапіў. Здалося мне, што пачуцьцё красы вытварылі сабе людзі таму, што былі змучаны і запуджаны суровай зямлёй; вытварылі, каб пазабыцца няяснага, але бяскрайнага, усю душу запаўняючага смутку. І тады лягчэй стала ім жыці, бо зямлю яны бачылі прыгожай, а не такой, якою яна запраўды ёсьць: ня жорсткай і грознай і бязьмерна моцнай, гатовай кожную мінуту прыціснуць бяспомачнага, жалкага чалавека, сказіць яго, расплюшчыць, растаптаць, ад каторай ня ўкрыешся, не схаваешся, не абаронішся. І ня беднай, важкай і цёмнай бачылі яны яе, ня тэй злой мачыхай, што прысудзіла ім цяжкае, невясёлае жыцьцё… Не, бачылі яны яе ў пералівах барвоў і згукаў, цешыліся гэтым, самыя грозныя зьявішчы прывучыліся бачыць самымі пекнымі, — і зьнікаў у іх душах жах і ўхадзіў кудысь у падзямельныя норы душы, каб толькі зрэдку, гады ў рады, выхадзіць адтуль і наганяць смутак на чалавека. Звычайна, не адзін толькі важкі сум прымушаў людзей вырабляць пачуцьцё красы, і не адразу вырабілася яно. Але я ўпэўнены ў тым, што тут крыецца адзін з самых тлустых і цікавых каранёў гэтага пачуцьця. А вы як думаеце?»

— Не, гэта ня зусім так, — адклікнуўся я. — Прыгледзьцеся, напрыклад, да поэзіі, і вы праканаецеся, што народы някультурныя і нават напоўкультурныя ня бачылі ў прыродзе ніякай красы. Перагарнеце хаця-б вялізарнейшую Іліяду або Одысею; там вы знойдзеце шмат вершаў аб красе розных людзей, учынкаў, рэчаў, — а аб красе зямлі бадай што ні слова няма. Амаль тое-ж самае і ў рымскай поэзіі. Толькі ў часы так званага «адраджэньня» людзі навучыліся бачыць у зямлі красу. Значыцца, соткі і тысячы год жылі людзі, не закрываючы ад сябе красой усю беднасьць і суворасьць зямлі; а калі вам паверыць, дык яны павінны-б былі ўсе звар’яцець або перадушыцца. Што-ж вы скажаце аб гэтым?