Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/417

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

свой даўны зьвярыны звычай, станавіўся на ўсе чатыры лапы і пачынаў выць… вось як ваўкі выюць. Але гэткія здарэньні на кожным кроку яму спатыкаліся, а ня мог-жа ён жыць у вечным спуду, у вечнай нудзе. Павінен-жа ён быў даць сабе якую-небудзь раду? А калі так, дык што-ж гэта за рада была? Адказ знайсьці дужа цікава, бо і сучасны чалавек тое-ж самае пачуваньне павінен мець. Няхай сабе ў самым падпольлі душы, а ўсё-ж такі жыве яно ў нас. Гэта, як той казаў, спадчына, пакінутая нам ад прадзедаў. Ды ня так ужо стала трымаемся мы на зямлі, а яна ўсё тая-ж: важная, жорсткая, цёмная.

Вось якія думы снаваліся ў мяне у Нарыме. Там-жа я і адказ да іх знайшоў.

Здарылася гэта зімою. Прыехаў да нас шаман, каб у гаспадара юрты дачку ад хваробы адратаваць, — памірала ўжо яна. Дзеля гэтага прыезду ўсе выпілі, — і гаспадар, і гаспадыня, і хворая… Нават малыя дзеці сербанулі, а шаман гэты, вядома, найбольш ад усіх. Аднак, ня гледзячы на выпітае, нуда ўсіх брала… Дзень выдаўся ветраны, мяцельны. Стаяць тры нашыя юрты ў сьнегавой пустэлі, а навакол усё бушуе; ні праходу, ні праезду няма; замяце нас завірухаю, замёрзьнем мы, ці што, — ратунку ня будзе ніадкуль. Кепска! Ня тое, каб страшна было, — не, ужо да ўсяго звыклі мы, хворая стогне… Толькі гляджу я, — устаў шаман, узяў свой бубен (бяз бубна ён кроку ня ступіць), ударыў у яго і запяяў. Доўгую такую, дзіўную песьню зацягнуў. Ні складу ў ёй, ні ладу ня было, але затое сэнс яе дужа цікавы. Казалася ў гэтай песьні, прымерам гаворачы, аб тым, што зямлі, лепшай ад Нарыманскага краю, ува ўсім сьвеце нідзе не спаткаць. Чаго толькі тут ні ёсьць: мох сьцелецца, журавіны — аж не абабраць, нават бярозка — і тая расьце; у раках рыба водзіцца; штогод два разы птушкі вялікімі стадамі праносяцца; самае-ж галоўнае — вазацкія сабакі і алені. Іх шаман асабліва старанна рассмакаваў. Ну, тут шмат яшчэ чаго ў гэтай песьні было; нават і на тое шаман не забыўся, што вось незадоўга Іван Матвеіч — скупшчык тутэйшы — прыедзе, гарэлкі і тытуну прывязе. Коратка кажучы, з якога боку ні