23.І сказаў ён у сэрцы сваім: хлеб адбіраюць у мяне гэтыя сінія кветкі; бо поўныя вагі каласы маглі-бы ўзрасьці на месцы васількоў.
24.Але яшчэ з маленства краса іх прышлася мне да душы. Таму я ня вырву з каранём іх, як усякае благое зельле. Няхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрца маё.
25.Так казаў гаспадар у сэрцы сваім і думках сваіх. І не падняў ён рукі на васількі.
26.Я-ж гавару вам: добра быць коласам; але шчасьліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?
27.І, кажучы так, пачуў ён песьню жнеек і прамовіў: слухайце, што кажуць словы гэтай песьні. Яе складалі людзі, каторыя ведаюць, чаго варты хлеб.
28.Яны-ж пачулі, што словы тэй песьні кажуць: няма лепш цьвяточка над васілёчка. І далей ужо моўчкі ішлі яны.
29.І босыя ногі хрыста пакідалі на цёплым і мяккім пылу дарогі сьляды.
30.Але гора вам, людзі, бо даўно ўжо затапталі вы іх. Амін.