11.Штодзённымі хлопатамі поўна людзкое жыцьцё. Але калі зварухнецца душа чалавека, толькі песьня здолее спатоліць яе. Шануйце-ж песьні свае.
12.Бо сьпяваюць нават жабы ў багне. А ці-ж ня лепшымі будзеце вы ад іх?
13.Так вучыў хрыстос. Але Пётра, пачуўшы яго словы, сказаў: Вучыцелю, у гэтай старонцы ёсьць людзі, каторым няма чаго есьці. Ці-ж ня сьцісьнецца ад сораму сэрца гэтага чалавека, калі ён да іх, шукаючы скарынкі хлеба, прыдзе з песьняй сваёй?
14.І, адказываючы яму, сказаў хрыстос: так, жыцьцё гэтых людзей цяжкое, беднае і прыгнечанае. Чаму-ж ты хочаш яшчэ і красу адабраць у іх? Мала дадзена ім — няўжо-ж трэба, каб было яшчэ менш?
15.І, зьвярнуўшыся да музыкі, спытаў яго: калі пяюць песьні ў вас?
16.Музыка-ж адказаў: пяюць ня коляды, на запусты, на вялікдзень, на тройцу, на Яна Купалу, у пятроўку, на зажынках і дажынках.
17.Пяюць на радзінах і хрэсьбінах, пяюць, дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць, гуляючы; пяюць на ігрышчах і вечарынах, і на вясельлях і на хаўтурах, і ў бяседзе, і ў працы, і ў маскалі йдучы і ўва ўсякай іншай прыгодзе. Так скрозь увесь год пяюць.
18.І прамовіў хрыстос Пятру: ты, шкадуючы долі галодных людзей, асудзіў песьню, але галодныя людзі не асудзілі яе. Жыва яшчэ душа ў народзе гэтым.
19.Тады ізноў сказаў Пётра: але няхай-жа ў песьнях будуць думкі добрыя і паўчаючыя, каб, апроч красы, меўся ў іх і спажытак чалавеку.
20.І адказаў яму хрыстос: няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсьць той спажытак дзеля душы.
21.І, паўчаючы іх, прамовіў: аглянецеся навокал! Ці-ж ня ніва калыхаецца каля нас?
22.Цяжка працаваў ля яе гаспадар і вось бачыць: паміж збожжа ўзрасьлі васількі.