Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/407

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

2.

АПОКРЫФ.

1.Ад Максіма Кніжніка пачатак

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

2.Калі скончылася сем тысяч год ад сатварэньня сьвету, хрыстос зноў зышоў на зямлю і хадзіў па ёй, каб споўнілася тое, аб чым казалі прарокі.

3.І хадзіў ён па ўсяму нашаму краю: і па Міншчыне, і па Віленшчыне, і па Магілёўшчыне, і па Задзьвінскай зямлі.

4.І разам з ім былі сьвяты Пётра і сьвяты Юры. Але ніхто з людзей не пазнаваў яго.

5.Бо ішлі яны босымі нагамі, з непакрытымі галовамі, і былі адзеты ў белы кужаль. А не таго спадзяваліся людзі.

6.Таму ніхто не зьвярнуў увагі на іх, калі ў час жніва праходзілі яны між працуючых людзей.

7.Толькі музыка, катораму цяпер ня было што рабіць, падышоў да іх і сказаў: сорамна мне, бо сягоньня дзень працы і ўсе клапоцяцца каля яе; адзін я нікчэмны чалавек.

8.І адказаў яму Ісус: ня смуціся ў сэрцы сваім. Ці-ж не твае песьні сьпяваюць яны цяпер у часе жніва? Таму ня схіляй нізка галавы тваёй і не хавай твар свой ад вачэй людзкіх.

9.Бо няма праўды ў тым, каторы кажа, што ты — лішні на зямлі. Запраўды кажу я табе: вось надойдзе да яго гадзіна горачы — і чым ён разважыць смутак свой, апроч песьні тваёй? Таксама і ў дзень радасьці ён прызавець цябе.

10.І, паўчаючы яго, казаў: пад песьні кладуць чалавека ў калыску і са сьпевамі-ж апускаюць у магілу яго.