Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

26.

∗     ∗

Дождж у полі і холад… Імгла…
Дзесь у вёсцы міргаюць агні.
Там, зьлякаўшысь, схавалась, лягла
Доля горкая ў чорным цяні.

І пад цёмнымі скрыдламі ночы
Ня убачаць цяпер яе вочы.

Толькі вецер асеньні, начны
Ў полі сумна гудзіць і пяе
Аб радзімай старонцы глухой
Ды аб долі няшчаснай яе.

Цісьне сэрца мне песьня начная…
Хай-жа голасна вецер сьпявае,

Хай пяе ён у роднай зямлі,
Каб у сэрцах нам сорам збудзіць,
Каб змагацца з няпраўдай ішлі.
Ў чыім сэрцы сумленьне ня сьпіць.

Долю чорную ноч не схавае,
Калі выльлецца песьня жывая!

1910.