Я палямі іду на чужой старане;
Сьветла зоркі глядзяць у глухой вышыне,
Ды у цёмных садох каля самай ракі
Загарэлісь адзін за адным аганькі.
Нехта рэчкай плыве — плюск ідзе над вадой, —
Звонка песьню пяе нейкай мовай чужой.
Я палямі іду, і нявесела мне,
І гаруе душа у чужой старане.
Але гляну навокала: тая-ж зямля,
Як і ў родным краі, разьлягліся паля,
Тыя-ж зоркі гараць у глухой вышыне
На чужой старане.
А як песьню пачуў, што над рэчкай зьвініць,
Хваляй вольнай, жывой з-за курганаў бяжыць, —
Я пазнаў чагось свойскага многа у ёй:
Калісь чуў гэта ў песьнях старонкі сваёй…
Гэтак льюцца яны, гэтак ціха дрыжаць
І, паўнюткі нуды, горка плачуць, зьвіняць…
І, збудзіўшысь душой, чую ўжо з-над ракі,
Хоць і ў мове чужой, сэрцу гук дарагі.
Ціха полем іду я і думаю ў мгле:
Людзі тыя-ж і тут, што ў маёй старане;
Іх здалёку агні мяне квапяць, завуць, —
Так-жа любяць яны, так-жа песьні пяюць.
Людзям гэтым чужым у далёкім краю
Я радзімую песьню сьпяю.
|