Кожны вечар ля крыніцы,
Дзе вада дзюрчыць, плюскоча,
Упярод і ўзад хадзіла
Доч прыгожая султана.
Кожны вечар ля крыніцы,
Дзе вада дзюрчыць, плюскоча,
Малады стаяў нявольнік
І марнеў штодня ўсё болей.
Раз яна ў яго паціху,
Затрымаўшыся, спытала:
«Як завуць цябе, дзе край твой
Ды з якога ты народу?»
Адказаў нявольнік: «Клічуць
Магамэтам з Іемэна,
А народ мой — тыя Азры,
Што канаюць ад каханьня».
|