Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/229

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

182.

АСТРЫ.

У поўначы астры ў саду расьцьвілі,
Убраліся ў росы, вянкі заплялі
І сталі ружовага ранку чакаць
Ў вясёлку калёраў жыцьцё убіраць.
І марылі астры ў цудоўнаму сьне
Аб зёлках шаўковых, аб сонечным дне.
І казачны край падымаўся з іх сна,
Дзе кветкі ня вянуць, дзе вечна вясна…
Так марылі ў шэрую восень яны,
Так марылі астры і ждалі вясны.
А ранак спаткаў іх халодным дажджом,
І вецер стагнаў у саду за кустом.
І ўбачылі астры, што ўкруг іх — турма,
І ўбачылі астры, што жыць ім — дарма,
І умерлі яны. Але тут, як на сьмех,
Паднялася сонца, цалуючы ўсіх.