Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

133.

∗     ∗

За дахамі места памеркла нябёс пазалота;
Паветра напоена ціха гусьцеючым мрокам;
Ўжо відна, як іскры зьлятаюць з трамвайнага дрота,
Як зоркі гараць і зрываюцца ў небе далёкам.

Музыкі стагнаньне ліецца па вулках з бульвара;
Гараць і агнём машкару к сабе вабяць ліхтарні;
Ўкруг тоўстага шкла яна ўецца, як лёгкая хмара,
А к сьветлу прабіцца ня можа… і томіцца марна.

І ўспомніў я час: срэдзь асеньняй нахмуранай ночы
Музыка зайграла, агні ў вышыне запылалі,
І дыхалі грудзі шырока, сьвяціліся вочы…
Мы к сьветлу ўзьляцелі… і шкло ўкруг яго напаткалі.