Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

131.

∗     ∗

Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!
Вір людзкі скрозь заліў паясы тротуараў,
Блішчаць вокны, ліхтарні ў гары зіхацяць,
І гараць аганьком вочы змучаных твараў!

А завернеш ў завулак — ён цесны, крывы;
Цёмны шыбы глухіх, старасьвецкіх будынкаў;
Між каменьнямі — мох і сьцяблінкі травы,
І на вежы, як круглае вока савы,
Цыфэрблят — пільны сьведка мінулых учынкаў.

Ціша тут. Маўчаліва усталі — і сьняць
Ў небе купалы, брамы, байніцы і шпіцы;
Грук хады адзінокай здалёку чуваць,
Часам мерныя ўдары звана задрыжаць
І замоўкнуць, памкнуўшы ад старай званіцы.

Ўспамяні, маё сэрца, даўнейшыя дні!
Па загаду бурмістра усе, як належа,
Зачынілі ўжо вокны; загасьлі агні…
Варта вулкай прайшла… і ня сьпім мы адны —
Я ды чорны кажан, што шнуруе ля вежы.