На чыстым аркушы, прад вузенькім вакном,
Прыгожа літары выводзіць ён пяром,
Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радамі
Чырвоную страку; усякімі цьвятамі,
Рознакалёрнымі галоўкамі зьвяроў
І птах нявіданых, спляценьнем завіткоў
Ён пакрашае скрозь — даволі ёсьць знароўкі —
Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі,
І загалоўкі ўсе, — няма куды сьпяшыць!
Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць
Пяро гусінае, і гляне: сьветла сонца
Стаўпамі падае праз вузкае ваконца,
І круціцца у іх прыгожы, лёгкі пыл;
Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл,
Рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі
У небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі,
Як жар гарашчымі, а тут, каля вакна,
Малінаўка пяе, і стукае жаўна.
І зноў ён схіліцца, застаўку зноў выводзіць
Няяркім серабром; нячутна дзень праходзіць;
Ўжо хутка будзе ноч, і першая гвязда
Благаславіць канец прыгожага труда.
|