Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

79.

∗     ∗

Прыдзецца, бачу, пазайздрыць бяздольнаму Марку.
Моладасьць плыне, а сьледу няма ніякога.
Эт, і чаму-ж нагадала суворую Парку
Нітку мне прасьці гатунку такога благога.

Ціха гудзіць і пяе у яе верацёнца,
Цягнецца, цягнецца доўгая, шэрая нітка;
Цягнуцца шэрыя дні без прасьвету, бяз сонца,
І не пабачыш, здаецца, ні шчасьця, ні ўжытку.

Хоць-бы ты чорную, толькі-б ня шэрую прала,
Гора жадаў-бы, ды толькі каб поўную чарку;
Але і гора такога пазнаў я замала.
Прыдзецца, бачу, пазайздрыць бяздольнаму Марку.

1915-16.