Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

74.

АГАТА.

Помню — йшла я да ратушы хутка
Паглядзець, як гараць ведзьмакі.
Толькі чую — гукае Марутка:
«Бач, Агата, красунчык які!»

Ў задуменьні, маруднай хадою,
Увабраны ў шалом залаты,
Ехаў ён на кані саматою,
А прыгожы, — як Юры сьвяты.

Шмат адгэтуль мінулася часу…
Ах, калі-бы ізноў павідаць
І каня, і убранства пакрасу,
І знаёмую сэрцу пастаць!

Я сяджу дзень за днём у ваконца
Ды праду апрыкрылы кужаль,
І гудзіць, ўсё гудзіць верацёнца,
Як у полі далёкім мяцель.

Ах, чаму я, на што змарнавала
Так свае маладыя гады, —
Ах, чаму я, на што ня спытала,
Хто ён, гэткі, і едзе куды!

Толькі-б зьведаць — і з воску хвігуру
Я найменьнем яго ахрышчу,
Выйду ноччу на поле у буру
І закляцьце сваё нашапчу.