ён ужо разумее, што так не павінна быць. Ён ужо не мірыцца з сваім цяжкім становішчам, ён бачыць што ў паноў усяго стае і стае за кошт тружаніка, які ўсё жыццё на яго працуе. Але ці з'яўляецца для гэтага абяздоленага селяніна, для станоўчага героя паэзіі Багушэвіча, ці з'яўляецца для яго хоць у якой-небудзь меры прывабным жыццё пана? Не, ні ў якім разе. Мы бачылі, што спявала маці над калыскай сына. Тую-ж самую ўстаноўку бачым мы ў вершы «Ахвяра» і ў іншых вершах.
Пан — крывасмок, ён жыве крыўдаю людской, а гэты станоўчы герой хоча справядлівасці, хоча брацкіх адносін паміж людзьмі, марыць аб агульначалавечым брацтве ў духу «старага сялянскага соцыялізма». Не яго віна, што ён не ведае рэальных шляхоў барацьбы, яшчэ не прыспеў яго час, калі ён разам з сабратам рабочым узніме сцяг узброенага паўстання.
Ці ў лірычным, прасякнутым глыбокім пачуццём вершы, ці ў соцыяльна-пафасным вершы, ці ў вершы эпічнага плана, вытрыманым у спакойных інтанацыях — усюды паэт абараняе свайго ўлюбёнага героя, усюды ўзнімае яго неабутага, неадзетага, галоднага над светам сытых і багатых, над светам прагнага, ненажэрнага панства.
Вось эпічны верш «Не ўсім адна смерць». Памірае багач і памірае бядняк. Жылі яны неаднолькава і паміраюць па-рознаму. Вы не знойдзеце тут матываў падобных да таго, што ўсе мы памром і ўсе ў зямлі будзем. Пан і мужык і ў самай смерці астаюцца непрыміранымі. Вось жыццё багача:
А піў ён, а еў! Дык а божа.
Каб на той хлеб зарабіў,
Дык зараз гадоў тры ён, можа,
Сваёй працы у міску убіў.
Еў ды піў, ды крыўдзіў народ,
Ды грошы збіраў, дзе прымог.
А вось яго смерць:
Хмарылася смерць, пан раве,
Уміраць ані мысле сабе:
Аж кашулю парваў, коўдру рве.
І ўсё грошы пад бруха грабе.
Тут ёсць элементы сатыры, але зразумела адно — не хацелася пану паміраць ад багатага жыцця. Селянін-жа сам «клікаў смерць, бо хлеба не стала». Тут дзве соцыяльныя біяграфіі даведзеныя да лагічнага канца.
Усё так-жа выкрывае паэт драпежніцкую сутнасць панскага жыцця ў вершах «Панская ласка», «Скацінная апека» і інш. У вершы «Панская ласка» мы бачым у крыху змененым выглядзе ўлюбёную ў народзе тэму аб няўдзячнасці паноў. Калі селянін зробіць пану паслугу, дык ён на гэта адкажа самай чорнай няўдзячнасцю. На гэтую тэму сярод народа распаўсюджваліся ананімныя творы.
Багушэвіч паказвае, што пан бывае ласкавы толькі перад пагрозай смерці. Калі бандыт не забіў пана, дараваў яму жыццё, то тут толькі з перапуду ён пачаў славіць яго дабрату. Паэт майстэрскім паваротам верша агаляе ўсю падаплеку панскай дабраты.