дачу сказаць народу ўсю праўду аб яго жыцці. Такім чынам паэзія Багушэвіча падрыхтавала з'яўленне ў беларускай літаратуры такіх паэтаў як Янка Купала і Якуб Колас, у паэзіі якіх дана разгорнутая рэволюцыйна-дэмакратычная праграма — праграма сялянскай рэволюцыі. Сваёй паэзіяй Багушэвіч надоўга вызначыў кірунак развіцця беларускай літаратуры. Асноўныя, найбольш прагрэсіўныя элементы рэалізма Багушэвіча атрымалі далейшае развіццё ў літаратуры перыяда першай рэволюцыі, асабліва ў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Характэрны для ідэалогіі і для эстэтыкі Багушэвіча і агульна-дэмакратычныя ідэалы, наогул уласцівыя «старому сялянскаму соцыялізму»[1]. Ён бачыць высокае прызначэнне сваёй паэзіі ў тым, каб несці ў народ праўду, якая павінна перайначыць людзей, несці ў народ праўду для таго, «каб людцы прызналі братоў ды братамі — дзяліліся-б доляй ды хлеба шматамі», каб не было на свеце прыгнёту і эксплаатацыі, інакш кажучы «каб уся зямелька адну праўду мела».
Па характару сваёй паэзіі Багушэвіч з'яўляецца больш эпікам, чым лірыкам, але не гледзячы на гэта для яго вершаў на соцыяльныя тэмы характэрна выключная сіла пачуцця, сіла гневу і абурэння на несправядлівасці жыцця.
Мы ведаем, што ўжо Дунін-Марцынкевіч шырока карыстаўся фальклорам для сваёй творчасці. Але ён карыстаўся народнай творчасцю як ліберальны пан, які падыходзіў да народнага жыцця збоку і які абыходзіў соцыяльную праблематыку, скарыстоўваючы ў сваіх паэмах амаль выключна абрадавыя элементы фальклора.
Зусім іншае мы бачым у Багушэвіча. Па-першае, народная творчасць гэта аснова яго паэзіі, а не прыўваходзячы элемент. Па-другое, дэмакратычныя элементы фальклора, яго соцыяльную праблематыку ён ставіць у цэнтр сваёй паэзіі, што становіць сабой яе галоўны, прагрэсіўны змест.
Асабліва ярка гэта сказваецца ў вершах на соцыяльныя тэмы. Вось, напрыклад, адзін з лепшых яго вершаў на соцыяльныя тэмы «Гора». Напісаны гэты верш у форме песні і мае рэфрэн: «Ой гора ж маё!» Верш становіць сабой вершаваную апрацоўку папулярнага ў беларускім фальклоры сюжэта аб горы, якога селянін-бядняк хоча пазбыцца і ніяк не можа гэтага зрабіць. Ён кідаў яго ў рэчку і ў агонь, прывязваў лейцамі да пня ў лесе, закапваў у зямлю і ўрэшце завёз у Амерыку. Але з гэтага нічога не вышла. Гора адусюль варочалася ды так і асталося разам з селянінам да канца яго жыцця.
Верш «Удава» не грунтуецца ў непасрэдным сэнсе на фальклорным сюжэце, хаця і блізкі да народных песень аб удовінай долі. Гэта верш лірычнага плана і ён сведчыць аб тым, што Багушэвіч быў таленавітым лірыкам. Кампазіцыя верша цалкам вызначана фальклорнай паэтыкай. Увесь гэты верш — гэта разгорнуты псіхалагічны паралелізм. Тут псіхалагічна збліжаюцца плач удавы і раскіданне брызг ручайком. Гэта лірычная мініацюра цалкам грунтуецца на народнай творчасці.
- ↑ Ленін, Зб. тв. т. 1, стар. 164.