Вось гэты сумленны, справядлівы бядняк, гэты чалавек працы з'яўляецца цэнтральным станоўчым героем паэзіі Багушэвіча. Упершыню у беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя ў паэзіі Багушэвіча знаходзяць яркае выражэнне і нацыянальна-вызваленчыя патрабаванні беларускага народа. Ён выступаў не толькі супроць паноў, але і супроць рускага царызма, супроць нацыянальнага прыгнечання беларускага народа. Праўда, выражаючы перадавую ідэалогію свайго часу, творчасць Багушэвіча не пазбаўлена і адсталых, а часам і рэакцыйных рыс (нацыяналістычныя настроі ў вершы «Немец» і некаторых іншых).
Сам паэт выразна ўсведамляў, што ён займае асаблівае месца ў літаратуры. Гэта відаць з таго, як ён адносіўся да творчасці Дуніна-Марцынкевіча. Гэтыя адносіны мы бачым у прадмове яго да «Смыка беларускага», дзе ён кажа: «Здарывалася і мне чытаць і ксёнжачкі, хоць не надта старыя, друкаваныя нават, якогась пана Марцынкевіча, але ўсе як-бы смяючыся з нашага брата пісаны». Багушэвіч таксама як Марцынкевіч паходзіў з дробнай шляхты, так што тут Багушэвіч супроцьставіць сябе Марцынкевічу не па лініі паходжання, а па лініі ідэйна-палітычнай пазіцыі. Багушэвіч лічыць сябе неад'емнай часткай народа, а Марцынкевіча панам, г. зн. чалавекам, які назіраў народнае жыццё ў лепшым выпадку збоку і які не мог яго рэалістычна паказваць. Характэрны і яго адносіны да «Панскага ігрышча» — твора, які распаўсюджваўся ў спісках або проста вусна. Яго адносіны да гэтага твора відаць з той жа прадмовы, дзе ён піша:
«Я перапісаў і сюды тое «ігрышча», няхай выбачае пан Юрка, але дальбог, аж злосць узяла, што Юрка спадабаў тое, што толькі блазну можа спадабацца. Я такі і чыркнуў яму «Адказ». Але так думаю, што гэта ён, смяючыся з нашага цёмнага брата напісаў; гэтак думаў, што дурны мужык, дык ужо нічога і не відзе і не знае! Ой, памыліўся!»
Такім чынам ён выступае тут супроць тэндэнцыі, якая вядома яшчэ па школьных драмах XVIII стагоддзя, тэндэнцыі высмейвання мужыка, яго разумення жыцця, яго звычаяў, яго мовы. У школьных драмах гэта тэндэнцыя служыла мэтам паланізацыі, у творах падобных да «Панскага ігрышча» яна мае іншы характар, але ў ім Багушэвіч зусім справядліва бачыць знявагу годнасці працоўнага чалавека, які хоць і цёмны, але умее глыбока разумець жыццё.
Апрача прадмовы да «Смыка» ў непасрэднай форме эстэтычныя прынцыпы Багушэвіч выразіў ва ўступных вершах да «Дудкі беларускай» (верш «Дудка») і «Смыка беларускага» (верш «Смык»).
Спачатку ён хоча настроіць свае песні на вясёлы лад, хоча спяваць вясёлыя песні:
Ну, дык грай-жа, дудка!
Каб-жа была чутка,
Каб аж вушы драла,
Каб ты так іграла,
Каб зямля скакала!
Зайграй так вясёла,
Каб усе ў кола,
Узяўшыся ў бокі
Ды пашлі ў скокі,
Як віхор у полю —
Аж выючы ў болю.
Каб аж рагаталі,
А ўсё скакалі...