няў сялянскай рэволюцыі. Сапраўды, ужо ў ананімнай паэме «Энеіда навыварат» мы бачым выразнае выяўленне антыпрыгонніцкіх тэндэнцый і ўстаноўку на дэмакратызацыю літаратуры. У другой паэме «Тарас на Парнасе» мы таксама бачым патрабаванне дэмакратызацыі літаратуры, яе шчыльнай сувязі з народным жыццём, а ў вершы П. Бахрыма «Заграй, заграй хлопча малы» мы ўжо бачым усвядомлены пратэст супроць прыгону. З другога боку прадстаўнік ліберальнага дваранства, сантыменталіст Дунін-Марцынкевіч імкнецца прымірыць асноўную соцыяльную супярэчнасць часу, пагадніць пана з мужыком. Паколькі гэта супярэчнасць рэформай 1861 года вырашана не была, то пасля рэформы асаблівую сілу і значэнне набывае ідэалогія рэволюцыйнай дэмакратыі, якая з'яўляецца перадавой ідэалогіяй гэтага часу. Адной з першачарговых задач з'яўлялася знішчэнне феадальна-прыгонніцкіх перажыткаў і буржуазна-дэмакратычнае пераўтварэнне адсталай краіны.
У другім перыядзе змест літаратуры давалі ідэі сялянскай рэволюцыі, якія часта выступалі ў выглядзе агульна-дэмакратычных ідэалаў. Таму пісьменнікам гэтага часу ўласцівы, кажучы словамі Леніна «ілюзіі» надкласавага «буржуазнага дэмакратызма»[1]. Гэта рыса была ўласціва і светапогляду Ф. Багушэвіча.
Ф. Багушэвіч з'явіўся першым сялянскім дэмакратам у беларускай літаратуры XIX стагоддзя (яго непасрэдным папярэднікам быў П. Бахрым, але яго творчасць з прычыны рэпрэсій так і не паспела разгарнуцца). Значэнне яго творчасці перш за ўсё вызначаецца тым, што ён быў асновапаложнікам грамадзянскай паэзіі на Беларусі. Калі Дунін-Марцынкевіч імкнуўся прымірыць соцыяльныя супярэчнасці, то Багушэвіч упершыню ў беларускай літаратуры ясна і акрэслена выступіў ад імя народных нізоў. Для яго творчага метада характэрна не затушоўванне соцыяльных супярэчнасцей, a наадварот — іх падкрэсліванне. Яго творчасць рэзка накіравана супроць тагочаснай рэчаіснасці і яго рэалізм з'яўляецца крытычным рэалізмам. З пазіцый сялянска-дэмакратычнай ідэалогіі, перадавой для таго часу, ён рэзка крытыкуе змрочную сапраўднасць, ставячы ў сваёй творчасці вузлавыя праблемы свайго часу. Ён не ўзнімаецца да прапаганды рэволюцыйнага дзеяння, у яго няма усведамлення рэальных шляхоў, якімі трэба ісці народным масам да палітычнага і эканамічнага разняволення, але ў яго творчасці мы бачым нарастанне соцыяльнага пратэсту і свядомасці мас, іх абурэнне супроць несправядлівасцей жыцця. Паэт выразна усведамляе сябе змагаром за долю народную. Тэма соцыяльнай няроўнасці адна з цэнтральных тэм яго творчасці. Зарысоўкі народнага жыцця, сялянскага побыту ён заўсёды робіць у соцыяльным плане, у плане супроцьстаўлення жыцця бедняка жыццю паразітарных класаў. Багушэвіч высока цаніў і глыбока паважаў народную працу і чалавека працы. Гэты матыў чырвонай ніткай праходзіць праз усю яго творчасць. Як ні бедны бедняк, але ён ганарыцца тым, што ўсё, што ў яго ёсць, ён здабыў сваімі рукамі, а не праз ашуканства, не праз высмоктванне сокаў з сабе падобных.
- ↑ Ленін, зб. тв. т. ХѴ, стар. 465.