Каб людзей прызнаваў за братоў,
А багацтва сваё меў за іх;
Каб за край быў умерці гатоў,
Каб не прагнуў айчызны чужых.
Тут пагардлівыя адносіны да пана, таму што ён жыве чужою працаю, тут працавітасць, скромнасць, але і ўсведамленне сваёй чалавечай годнасці, адсутнасць ліслівасці і нізкапаклонства як адзнакі сапраўднага чалавека, такога, якім ён павінен быць. Ён павінен быць добрым сем'янінам, па-братэрску жыць з людзьмі, аддана любіць сваю радзіму і не «прагнуць айчызны чужых». Гэты вобраз благароднага чалавека увасобіў у сабе лепшыя рысы сялянска-дэмакратычнай ідэалогіі — перадавой і прагрэсіўнай для таго часу.
Звяртае на сябе ўвагу ў Багушэвіча гарачая любоў да радзімы. Як яго паэзія і выражаныя ў ёй ідэі сугучны творчасці рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў (у якіх значна больш спелая палітычная думка), так у прыватнасці і яго любоў да радзімы, нацыянальна-вызваленчыя матывы яго творчасці сугучны барацьбе рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў за палітычныя разняволенні рускага народа.
Ярка выражана пачуццё любові да радзімы ў вершы-наследванні Лермантаўскім «Тучки небесные, вечные странники» — «Хмаркі». Гэта — лірычная мініятура прасякнутая смуткам, па форме лірычны зварот да хмарак, у якім паэт выказвае спачуванне хмаркам што яны бяздомныя, што ў іх няма радзімы. А ў каго няма радзімы, той не можа быць шчаслівым. Ёсць тут і філасофскі матыў аб жыццятворчай сіле хмарак:
Лятучы, слязой зямлю росіце,
Аж шумяць лісткі, зелянее лес:
Уміраючы, жыццё носіце,
Усяму жыццё, сабе толькі крэс!
Як бачыце, тут цэлая дыялектыка жыцця і смерці, выражаная надзвычай паэтычна.
Тая-ж гарачая любоў да радзімы знайшла сваё выражэнне і ў вершы «Мая хата» — але тут у сімвалічнай форме. Паэт малюе вобраз сялянскай бядняцкай хаты, якая з'яўляецца сімвалам радзімы.
Кепска-ж мая хатка, падваліна згніла,
І дымна і зімна, а мне яна міла;
Не буду мяняцца хоць бы і на замкі, —
Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі.
На страсе мох вырас, на маху бярозка.
Мільшая мне хатка, як чужая вёска.
Такім чынам у гэтым вершы знаходзіць сваё выражэнне ўсё тая-ж устаноўка, што і ў вершы «Ахвяра», каб «не прагнуць айчызны чужых». У нацыянальным пытанні Багушэвіч варожа ставіцца да захватніцкай ідэалогіі, накіраванай на падняволенне іншых народаў. Захопніцкая ідэалогія асацыіруецца ў яго з эксплаатацыяй панам чужой працы, захопам панамі багаццяў, створаных рукамі працоўных. Да вырашэння нацыянальнага пытання ён адпраўляецца ад установак уласцівых яго паэзіі ў вырашэнні асноўнай супярэчнасці яго часу — супярэчнасці паміж панам і селянінам; супярэчнасці не вырашанай рэформай. У яго паэзіі