Я сяджу і дрыжу, каб мяне не назваў;
Калі бразць! і я тут! А бадай ты прапаў...
Але хвале мяне, справядлівым заве,
На Пантурку-ж зіркне, — як скаціна раве.
У такім жа плане падаецца і прамова адваката. Абодвы яны не займаюцца высвятленнем сутнасці справы, не шукаюць праўды, а практыкуюцца ў красамоўстве і хто лепшую прамову скажа, той выйграе. У даным выпадку адвакату не удалося абараніць падсуднага, яго засудзілі і ў дадатак абадралі як ліпку. У вершы ёсць трапная дэталь, якая ўдала характарызуе гэтага сведку. Калі адвакат пачаў яго абвінавачваць ва ўсім, дык ён спалохаўшыся паехаў хутчэй дамоў, ды ў лес і засадзіў дрэўцамі ўсё тое месца, дзе быў самагоншчыцкі браварок, каб у судзе сказаць, што там і не было нічога і што ніхто гарэлку і не гнаў. Праўда, ён спазніўся, пакуль ён ездзіў, дык падсуднага Пантурка засадзілі ў астрог.
У тым-жа сатырычным плане паказваецца несправядлівасць царскіх судоў у вершах «Кепска будзе» і «У вастрозе». У першым з іх паказваецца, як хлапец-сірата, не запісаны кумамі ў метрычныя кнігі, быў палічан ухіляючымся ад вайсковай службы. Яго пасадзілі ў астрог і вызваліцца яму ўдалося толькі дзякуючы настойлівасці землякоў. У другім паказваецца, як мужык адлупцаваў бізуном урадніка за прычэплівасць і як за гэта пасадзілі яго ў астрог. Завошта ж ён яго біў?
За тое, мы кажам, што надта ён ласы:
Што любе яечню, курэй і кілбасы,
Унадзіўся надта ён лазіць па хатах,
Ды нюхаць, каторай муж служа ў салдатах.
У сытырычных вершах Багушэвіч рэзка крытыкуе розныя з'явы звязаныя з дзейнасцю царскай адміністрацыі, асабліва — судоў. Станоўчыя яго грамадска-палітычныя ідэалы знаходзяць сваё выражэнне ў грамадзянскіх вершах, у вершах прысвечаных соцыяльным пытанням. З гэтых вершаў зусім яскрава вырысоўваецца і вобраз станоўчага героя яго паэзіі, які ён малюе згодна сваім дэмакратычным пераконанням.
З асабліваю паўнатой станоўчая грамадска-палітычная праграма працоўнага чалавека паэта і станоўчы ідэал даны ў вершы «Ахвяра». У гэтым вершы мы знаходзім усе матывы характэрныя для рэалізма Багушэвіча. У гэтым вершы станоўчы герой яго паэзіі, у форме наказа бабульцы аб чым яна павінна маліцца, выказвае усю сваю ідэалагічную праграму.
Каб я панам ніколі не быў:
Не жадаў-бы чужога,
Сваё дзела, як трэба, рабіў.
Каб прад меншым я носу не драў,
А прад большым не корчыў спіну;
Каб грэх свой прад сабой я пазнаў,
У другіх каб не відзеў віну;
Чужых жон каб не вёў да граху,
А сваю, каб, як трэба, любіў;
Каб мне дзеці былі у слуху,
Каб я бацькам для іх век дажыў.