Не адстае ад яго і дзяўчына. Гэта таксама несусветны гультай, які адно толькі любіць гуляць. Але ў гульнях яна не вызначаецца здольнасцямі. Паэт іранічна заўважае:
А танцуе добра так,
Як цялё з гілёса:
Парвець чыста андарак
І лапці да боса.
А пяець так, як сава,
Зайца выклікае:
Аж трасецца галава, —
Так яна гукае!
У гэтым вершы гумар ужо, можна сказаць, мяжуе з сатырай. Пісаў Багушэвіч і ў сатырычным жанры і яго сатырычныя вершы сведчаць аб тым, што ён меў выдатныя здольнасці сатырыка. Сатырычная крытыка рэчаіснасці ў яго паэзіі — гэта перш за ўсё крытыка царскага суда і царскай адміністрацыі. Як мы ведаем, царскі суд рэзка крытыкаваў ужо Дунін-Марцынкевіч у ««Пінскай шляхце». Але гэта п'еса хутчэй за ўсё была невядома Багушэвічу, таму што яна ўпершыню была надрукавана ў 1918 годзе. Таму ніякага наследвання не магло быць.
Тэзіс Багушэвіча аб тым, што пасля рэформы начальства стала яшчэ больш і што таму яшчэ горш стала жыць, вядомы і па некаторых творах ананімнай літаратуры. Багушэвіч у вершы «Як праўду шукаюць» піша:
Судоў нарабілі, начальстваў ці мала:
Пасрэднік і воласць, сінод і санаты.
Прысуцтвы і вокруг, управы, палаты;
Найбольш міравых, участковых і з'ездаў
Што ў полі камення, што гвёздаў!
За тое-ж жыццё цяпер труднае стала.
Тут пералічана амаль уся царская адміністрацыя, але ўласна сатыры тут яшчэ няма. Тут звычайны крытычны кірунак верша, уласцівы яго паэзіі наогул. Крытыка-ж судовай цяганіны даецца ўжо ў чыста сатырычным плане. Селянін выпадкова трапіў у сведкі і гэта сталася прычынай яго разарэння. У вершы расказваецца цэлае здарэнне, як ехаў селянін, як пан з моста разам з карэтай зваліўся ў раку і фурман утапіўся, як едучы далей, селянін бачыў мёртвага чалавека пры дарозе і як пасля гэтага ён трапіў у сведкі. У выніку яму прышлося цэлае лета цягацца па судах і пакуль ён цягаўся, дык зжыўся нашчэнт.
У такім жа плане паказваецца суд у вершы «У судзе». Суд — гэта камедыя, дзе выдумляюць на чалавека што заўгодна. У гэтым вершы апісваецца сам судовы працэс і хто на ім быў. Апавяданне, як і у папярэднім вершы вядзецца ад імя сведкі. У сатырычным плане паданы прамовы пракурора i адваката. Вось прамова пракурора:
Паглядзеў на ўсіх, як узяўся за стол,
Як зачаў ён крычаць: «прытакол, прытакол!»
І казну ўспамінаў, і трубу, і кацёл,
І муку, і мяшок... Ды ўсё — «прытакол!»