Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

час ваенны і не да таго цяпер, а тут-жа павёў іх проста на кучу і ўжо паказаў ім усім, што не дарма выбралі яго за атамана. Пачулі ляхі, што ўжо рабілася справа вельмі гарачаю, адступілі і перабеглі поле, каб сабрацца на другім канцы яго. А нізенькі палкоўнік махнуў на стаяўшыя асобна каля самае брамы чатыры сьвежыя сотні, і бабахнулі адтуль карцечаю ў казацкія кучы; але мала каго дасталі: кулі разанулі па валох казацкіх, дзіка пазіраўшых на бітву. Зараўлі спалоханыя валы, павярнулі на казацкія табары, паламалі вазы і шмат якіх патапталі. Але Тарас у гэты час, вырваўшыся з засады з сваім палком, з крыкам кінуўся на пярэймы. Павярнула назад уся шалёная стада, спалоханая крыкам, і шуганула на ляскія палкі, перакуліла коньніцу, усіх зьмяла і рассыпала.

— Ой, дзякуй вам, валы! — крычалі запарожцы: — служылі ўсё паходную службу, а цяпер і вайсковую паслужылі! І ўдарылі з новаю сілаю на непрыяцеля. Шмат тады пазабівалі ворагаў. Шмат якія паказалі сябе: Мяцеліца, Шыла, абодва Пісарэнкі, Ваўтузенка і ня мала было розных іншых. Убачылі ляхі, што блага, нарэшце, прыходзіць, выкінулі штандар і закрычалі адчыняць меставую браму. Скрыпячы адчынілася абабітая жалезам брама і прыняла стоўпленых, як авечак у аўчарнік, стомленых і пакрытых пылам коньнікаў. Шмат якія з запарожцаў пагналіся былі за імі, але Астап сваіх уманцаў затрымаў, сказаўшы: — Далей, далей, паны-браты, ад сьценаў! Ня добра блізка падходзіць да іх. — І праўду сказаў, таму што з сьценаў бабахнулі і пасыпалі ўсім, чым папала, і шмат якім дасталася. У гэты час пад’ехаў кашавы і пахваліў Астапа, сказаўшы: — Вось і новы атаман, а вядзе войска так, як-бы і стары! — Аглянуўся стары Бульба паглядзець, які там новы атаман, і ўбачыў, што наперадзе ўсіх уманцаў сядзеў на кані Астап, і шапка