Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на памяць. Размахнуўся ён з усяго пляча і ўдарыў яго шабляю па нагнутай шыі. Не да дабра давяла карысьць казака: адляцела магутная галава і ўпаў абезгалоўлены труп, далёка навокал зарасіўшы зямлю. Паляцела ў вышыні строгая казацкая душа, хмурачыся і злуючы, і разам з гэтым дзівячыся, што гэтак рана выляцела з гэткага моцнага цела. Не пасьпеў харунжы ўхапіць за чуб атаманскае галавы, каб прывязаць яе да сядла, а ўжо быў тут строгі помсьціч.

Як той, што плавае ў небе, каршун, даўшы шмат колаў дужымі крыльлямі, раптам спыняецца распасьцёрты на адным месцы і б’е адтуль стралою на таго, што раскрычаўся каля самае дарогі, самца-перапела, гэтак Тарасоў сын, Астап, наляцеў раптам на харунжага і адразу накінуў яму на шыю вяроўку. Пасінеў яшчэ мацней чырвоны твар у харунжага, калі засмаргнула яму горла жорсткая пятля; схапіўся ён быў за пісталет, але сударгава зьведзеная рука не магла скіраваць стрэлу і куля дарма паляцела ў поле. Астап тут-жа, каля яго-ж сядла, адвязаў шаўковы шнур, які вазіў з сабою харунжы дзеля зьвязваньня палонных, і яго-ж шнуром зьвязаў яму рукі і ногі, прычапіў канец вяроўкі да сядла і павалок яго праз поле, склікаючы гучна ўсіх казакоў Уманскага курэня, каб ішлі аддаць апошні гонар атаману.

Як пачулі уманцы, што курэннага іхняга атамана Барадатага няма ўжо сярод жывых, кінулі поле бітвы і прыбеглі прыбраць яго цела; і тут-жа пачалі радзіцца, каго выбраць у курэнныя. Нарэшце, сказалі: — Ды нашто радзіцца? Лепш ня можна паставіць у курэнныя, як Бульбенка Астапа: ён, праўда, малодшы за усіх нас, але розум у яго, як у старога чалавека.

Астап, зьняўшы шапку, усім падзякаваў казаком-таварышом за гонар, не пачаў адмаўляцца ні моладасьцю, ні маладым розумам, ведаючы, што