Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У месьце пачулі казацкі рух. Усе высыпалі на насып, і паказаўся перад казакамі жывы абраз: польскія вітэзі, адзін за аднаго харашэйшыя, стаялі на насыпе. Медныя шапкі зіхацелі, як сонца, апераныя белымі, як лебедзь, пёрамі. На іншых былі лёгкія шапачкі, рожавыя і блакітныя, з перагнутымі на бок вярхамі, каптаны з адкіднымі рукавамі, вышытыя золатам і проста выкладзеныя шнуркамі; у тых шаблі і зброя ў дарагіх аправах, за якія дорага прыплачвалі паны, — і шмат было ўсялякіх іншых вопратак. Наперадзе стаяў важна, у чырвонай шапцы, упрыгожанай золатам, буджацкі палкоўнік. Тоўсты быў палкоўнік, за ўсіх большы і таўсьцейшы, і шырокі дарагі каптан насілу аблягаў яго. На другім баку, ледзь што да бакавое брамы, стаяў другі палкоўнік, невялічкі чалавек, увесь высахшы; але быстрыя вочы яго глядзелі жыва з-пад густа наросшых броваў, і пакручваўся ён хутка на ўсе бакі, паказваючы бойка гонкаю, сухою рукою сваёю, раздаючы загады; відаць было, што, ня гледзячы на малое цела свае, ведаў ён добра вайсковую навуку. Недалёка ад яго стаяў харунжы, доўгі, доўгі, з густымі вусамі, і, здавалася, ня было ў яго недахопу ў чырвані на твары: любіў пан моцныя мяды і добры банкецік. І шмат было відаць за імі рознае шляхты, азброенае, хто на свае чырвонцы, хто на каралеўскі скарб, хто на жыдоўскія грошы, пазакладаўшы ўсё, што толькі знайшлося ў дзядоўскіх замках. Ня мала было і розных сэнатарс- кіх нахлебнікаў, якіх бралі з сабою сэнатары на абеды дзеля пашаны, якія кралі з стала і з буфэтаў сярэбраныя кубкі і, пасьля сёньняшняе пашаны, на другі дзень сядалі на козлы кіраваць коньмі ў якога-нібудзь пана. Розных было там. Іншы раз і выпіць ня было за што, а на вайну ўсе апрануліся.

Казацкія рады стаялі ціха перад сьценамі. Ня было на іх ні на кім золата: толькі хіба дзе-ня-дзе