Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што-ж, ён сказаў?

— Ён сказаў, — перш кіўнуў пальцам, а пасьля ўжо сказаў: „Янкель!“ А я: „Пане Андрый!“ — кажу. „Янкель! скажы бацьку, скажы брату, скажы казаком, скажы запарожцам, скажы ўсім, што бацька цяпер ня бацька мне, брат ня брат, таварыш не таварыш, і што я з імі буду біцца з усімі, з усімі буду біцца!“

— Брэшаш, чортаў Юда! — закрычаў, выйшаўшы з сябе, Тарас. — Брэшаш, сабака! Ты і Хрыста раскрыжаваў, пракляты Богам чалавек! Я цябе заб’ю, шатане! Уцякай адсюль, а не — дык тут-жа табе сьмерць! — Сказаўшы гэта, Тарас выхапіў сваю шаблю. Спалоханы жыд пусьціўся тут-жа на ўсе лапаткі, як толькі маглі вынясьці яго тонкія сухія лыткі. Доўга яшчэ бег ён без аглядкі паміж казацкім табарам і пасьля далёка па ўсім чыстым полі, хоць Тарас зусім не ганіў яго, раздумаўшы, што неразумна зганяць гнеў на першым, хто пападзецца.

Цяпер прыпомніў ён, што бачыў у мінулую ноч Андрыя, праходзіўшага па табары з нейкаю жанчынаю, і схіліў сівую галаву, а ўсё яшчэ не хацеў верыць, каб магла здарыцца гэткая агідная справа і каб уласны сын яго прадаў веру і душу.

Нарэшце павёў ён свой полк у засаду і схаваўся з ім за лесам, які адзін быў ня выпалены яшчэ казакамі. А запарожцы, і пешыя і конныя, выступілі на тры дарогі да трох брамаў. Адзін за адным валілі курэні: Уманскі, Паповічаўскі, Канеўскі, Стэблікіўскі, Незамайкаўскі, Гургузіў, Тытараўскі, Тамашэўскі. Аднаго толькі Пераяслаўскага ня было. Моцна курнулі казакі яго і пракурылі сваю долю. Хто прачхнуўся зьвязаны ў варожых руках, хто, і зусім не прачыхаючыся, сонны перайшоў у сырую зямлю, і сам атаман Хліб, без шаравараў і верхняе вопраткі, апынуўся ў ляскім стане.