Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чаму?

— У ваяводы ёсьць дачка-красуня. Сьвяты Божа, якая красуня! — Тут жыд пастараўся, як толькі мог, выказаць у твары сваім хараство, разьвёўшы рукі, прыплюшчыўшы вочы і скрывіўшы набок рот, як быццам чаго пакаштаваўшы.

— Ну, дык што-ж з таго?

— Ён дзеля яе і зрабіў усё, і перайшоў. Калі чалавек закахаецца, дык ён усё роўна, як падошва, якую калі размочыш у вадзе, вазьмі, сагні — яна і сагнецца.

Моцна задумаўся Бульба. Успомніў ён, што вялікая ўлада слабое жанчыны, што шмат якіх дужых губіла яна, што падатлівая з гэтага боку Андрыева прырода; і стаяў ён доўга, як укопаны, на адным і тым-жа самым месцы.

— Слухай пан, я ўсё раскажу пану, — казаў жыд. — Як толькі пачуў я шум і ўбачыў, што праходзяць у меставую браму, я схапіў на ўсякі выпадак з сабою нітку жомчугу, таму што ў месьце ёсьць красуні і шляхцянкі; а калі ёсьць красуні і шляхцянкі, сказаў я сабе, дык ім хоць і есьці няма чаго, а жомчуг усё такі купяць. І як толькі слугі харунжага пусьцілі мяне, я пабег на ваяводаў падворак прадаваць жомчуг. Распытаўся пра ўсё ў служанкі-татаркі: „Будзе вясельле зараз, як толькі прагоняць запарожцаў. Пан Андрый абяцаў прагнаць запарожцаў.“

— І ты не забіў тут-жа на месцы яго, чортавага сына? — гукнуў Бульба.

— За што-ж забіць? Ён перайшоў па добрай волі. Чым чалавек вінаваты? Таму яму лепш, туды ён і перайшоў.

— І ты бачыў яго ў самы твар?

— Дальбог, у самы твар! Гэткі слаўны ваяка! За ўсіх лепшы. Дай яму Божа здароўя, мяне зараз-жа пазнаў; і калі я падыйшоў да яго, зараз-жа сказаў…