Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

золата, і ўсюды золата, і ўсё золата. Так як сонца зірне вясною, калі ў гародзе кожная птушка пішчыць і пяе, і травіца пахне, гэтак і ён увесь зьзяе ў золаце. І каня яму даў ваявода найлепшага езьдзіць конна; два ста чырвоных каштуе адзін конь.

Бульба астаўпеў. — Нашто-ж ён апрануў чужую вопратку?

— Таму, што лепшая, таму і апрануў. І сам паяжджае і іншыя паяжджаюць; і ён вучыць, і яго вучаць: як найбагацейшы польскі пан!

— Хто-ж яго прымусіў?

— Я-ж не кажу, каб яго хто прымусіў. Ці-ж пан ня ведае, што ён па сваёй волі перайшоў да іх?

— Хто перайшоў?

— А пан Андрый.

— Куды перайшоў?

— Перайшоў на іхні бок; ён ужо цяпер зусім іхні.

— Лжэш, сьвіное вуха.

— Як-жа ж можна каб я маніў? Дурань я хіба, каб маніў? На сваю галаву я маніў-бы? хіба я ня ведаю, што жыда павесяць, як сабаку, калі ён зманіць перад панам?

— Дык гэта выходзіць, ён, патвойму, прадаў айчыну і веру?

— Я-ж не кажу гэтага, каб ён прадаваў што: я сказаў толькі, што ён перайшоў да іх.

— Лжэш, чортаў жыдзе! Гэткае справы ня было на хрысьціянскай зямлі! Ты блутаеш, сабака!

— Хай трава парасьце на парозе майго дому, калі я блутаю. Хай кожны наплюе на магілу бацькі, маці, сьвёкра і бацькі бацькі майго, і бацькі маці мае, калі я блутаю. Калі пан хоча, я нават скажу, і чаму ён перайшоў да іх.