Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яшчэ адзін наказ: калі хто-нібудзь, шынкар-жыд, прадасьць казаку хоць адзін кухаль сівухі, дык я прыб’ю яму на самы лоб сьвіное вуха, сабацы, і павешу дагары нагамі! Да працы-ж, браты! Да працы!“

Гэтак распяраджаў кашавы, і ўсе пакланіліся яму ў пояс і, не накладаючы шапок, скіраваліся да сваіх вазоў і табараў, і калі ўжо зусім далёка адыйшлі, тады толькі панакладалі шапкі. Усе пачалі рыхтавацца: прабавалі шаблі і палашы, насыпалі пораху з мяшкоў ў парахоўніцы, адкочвалі і ставілі вазы і выбіралі коні.

Адходзячы да свайго палку, Тарас думаў і ня мог прыдумаць, куды гэта падзеўся Андрый: „ці ў палон яго ўзялі разам з іншымі і зьвязалі соннага? толькі не, ня гэткі Андрый, каб аддаўся жывым у палон.“ Паміж забітымі казакамі таксама яго ня відаць было. Задумаўся моцна Тарас і йшоў перад палком, ня чуючы, што яго даўно называў нехта на імя. — „Каму трэба мяне?“ — сказаў ён, нарэшце, ачуняўшы. Перад ім стаяў жыд Янкель.

— Пане палкоўнік, пане палкоўнік! — казаў жыд пасьпешным і перарыўчатым голасам, як быццам ён хацеў абвясьціць справу ня зусім пустую. — „Я быў у месьце, пане палкоўнік!“

Тарас паглядзеў на жыда і падзівіўся з таго, што ён ужо пасьпеў пабываць у месьце. — „Які-ж вораг цябе занёс туды?“

— Я зараз раскажу, — сказаў Янкель. — Як толькі пачуў я да сьвету шум, і казакі пачалі страляць, я схапіў каптан і, не апранаючы яго, пабег туды бягом! дарогаю ўжо апрануў яго ў рукавы, таму што хацеў найхутчэй даведацца, чаму гэта шум, чаму казакі чуць сьвет пачалі страляць. Я ўзяў і прыбег да самае меставое брамы, у той час, калі апошняе войска ўваходзіла ў места. Гляджу — наперадзе аддзелу харунжы Галяндовіч. Ён чалавек мне знаёмы: яшчэ з трэцяга году