Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бурлівае, неадбіўна-перамоганоснае. І адчуў Андрый у сваёй душы малітвены страх, і зрабіўся нярухомы перад ёю. Яна, здавалася, таксама была зьдзіўлена выглядам казака, што зьявіўся ўва ўсім харастве і сіле юнацкае мужнасьці, які, здавалася, і ў самай нярухомасьці сваёй ужо выдаваў рэзвую вольнасьць рухаў; яснаю цьвёрдасьцю зіхацела вока яго, адважнаю дугою выгнулася брыво, загарэлыя шчокі блішчалі ўсёю зыркасьцю някранутага агню і, як шоўк, блішчаў малады чорны вус.

— Не, я ня ў сіле нічым падзякаваць табе, велікадушны рыцару, — сказала яна, і ўвесь гойдаўся сярэбраны гук яе голасу. — „Адзін Бог можа вынаградзіць цябе; ня мне слабой жанчыне…“ Яна спусьціла свае вочы; прыгожымі сьнежнымі паўколамі насунуліся на іх павекі, аблямованыя доўгімі, як стрэлы, валасінкамі; нахіліўся ўвесь цудоўны твар яе, і тонкі румянец адценіў яго зьнізу. Нічога ня ўмеў сказаць на гэта Андрый; ён хацеў-бы выказаць усё, што толькі ёсьць на душы, выказаць яго гэтак-жа горача, як яно было на душы — і ня мог. Пачуў ён нешта, затуліўшае яму вусны; гук адняло ў слова: пачуў ён, што не яму, выхаванаму ў бурсе і ў ваяцкім валацужным жыцьці, адказваць на гэткія прамовы, і зазлаваў на сваю казацкую натуру.

У гэты час увайшла ў пакой татарка. Яна ўжо пасьпела нарэзаць лустамі прынесенага рыцарам хлеба, нясла яго на залатым паўміску і паставіла перад сваёю паннаю. Красуня зірнула на яе, на хлеб і навяла вочы на Андрыя, — і шмат было ў вачох тых. Гэты ласкавы пагляд, выказваўшы змогу й нясілу выказаць ахапіўшыя яе пачуцьці, быў болей даступны Андрыю, чымся ўсе прамовы. Яго душы раптам зрабілася лёгка; здавалася, што ўсё разьвязалася ў яго. Рухі і пачуцьці душы, якія дасюль як быццам нехта стрымліваў цяжкаю вобруцяй, цяпер пачулі сябе вызваленымі, на волі, і ўжо хацелі выліцца ў няўцішныя