Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

быстра стройная жаночая фігура з доўгаю раскошнаю касою, падаўшаю на паднятую ўгару руку. Татарка вярнулася і сказала, каб ён увайшоў. Ён ня помніў, як увайшоў і як зачыніліся за ім дзьверы. У пакоі гарэлі дзьве сьвечкі, лямпачка блішчала перад абразом; пад ім стаяў высокі столік, паводле звычаю каталіцкага, з ступенькамі дзеля таго, каб станавіцца на калены ў часе малітвы. Але не таго шукалі вочы яго. Ён павярнуўся ў другі бок і ўбачыў жанчыну, здавалася, застыўшую і акамянеўшую ў нейкім шпаркім руху. Здавалася, як быццем уся фігура яе хацела кінуцца да яго і раптам спынілася. І ён застаўся таксама зьдзіўленым перад ёю. Ня гэткаю ўяўляў ён яе бачыць: гэта была не яна, ня тая, якую ён знаў раней; нічога ня было ў ёй падобнага да тае, але ўдвая прыгажэйшай і цудоўнейшай была яна цяпер, чымсь раней: тады было ў ёй нешта недакончанае, недавершанае, цяпер гэта быў твор, якому мастак даў апошні ўдар кісьці. Тая была харошая, ветраная дзяўчына; гэта была красуня, жанчына ўва ўсёй разьвіненай красе сваёй. Поўнае пачуцьцё выказвалася ў яе крыху паднятых вачох, не адрыўкі, не наводжваньні на пачуцьцё, а ўсё пачуцьцё. Яшчэ сьлёзы не пасьпелі ў іх высахнуць і абнялі іх зіхацеўшаю вільгацьцю, праходзіўшаю душу; грудзі, шыя і плечы замкнуліся ў тыя прыгожыя граніцы, якія прызначаны зусім разьвінутаму хараству; валасы, якія раней разносіліся лёгкімі пасмамі па твары яе, цяпер абярнуліся ў раскошную касу, частка якое была падабрана, а частка параскідалася па ўсёй даўжыні рукі і тонкімі, доўгімі, прыгожа загнутымі валасамі спадала на грудзі. Здавалася, што ўсе да аднае зьмяніліся рысы яе. Дарэмна сілкаваўся ён адшукаць у іх хоць адну з тых, якія круціліся ў яго памяці, — ніводнае. Як ні вялікаю была яе бялявасьць, але яна не зацямніла цудоўнага хараства яе, наадварот, як быццам надала яму нешта