Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

памёрла, проста, забылася; прынамсі яна ўжо ня чула і ня бачыла нічога і, схіліўшы галаву на грудзі, сядзела нярухомая на адным і тым-жа месцы. З страхі іншага дому вісела уніз, на вяровачнай пятлі, выцягненае і высахшае цела: небарака ня мог вытрываць да канца мукаў голаду і захацеў лепш простым самагубствам прысьпяшыць канец свой.

Гледзячы на гэткія жахоўныя сьведчаньні голаду, Андрый ня вытрываў ня спытацца ў татаркі: — Няўжо-ж яны, аднак-жа, зусім не знайшлі, чым прабавіць жыцьцё? Калі чалавеку прыходзіць апошняя крайнасьць, тады рабіць няма чаго, ён павінен карміцца тым, чым дасюль пагарджаў: ён можа карміцца тымі стварэньнямі, якія забаронены законам, усё можа тады пайсьці ў страву.

— Усё пазьядалі, — сказала татарка: — усю жывёлу: ні каня, ні сабакі, ні нават мышы не знайдзеш ува ўсім месьце. У нас у месьце ніколі ня бывала ніякіх запасаў: усё прывозілі з вёсак.

— Але як-жа вы, паміраючы гэткаю лютаю сьмерцю, усё яшчэ думаеце абараніць места?

— Ды мо’ ваявода і здаў-бы, але ўчора раніцаю палкоўнік, які ў Буджакох, пусьціў у места каршуна з запіскаю, каб не аддавалі места: што ён ідзе на ратунак з палком, ды чакае толькі другога палкоўніка, каб ісьці абодвум разам. І цяпер кожную мінуту чакаюць іх… Але вось мы прыйшлі да дому.

Андрый ужо здалёку бачыў дом, непадобны да іншых і, як здавалася, будованы якім-нібудзь архітэктарам італьянскім; ён быў складзены з харошых тонкіх цэглаў у два паверхі. Вокны ніжняга паверху былі ўпушчаны ў высока выпушчаныя каменныя гзымсы; верхні паверх складаўся ўвесь з невялікіх аркаў, злажыўшых галерэю; паміж імі відаць было рашоткі з гэрбамі; на вуглох дому таксама былі гэрбы. Вонкавыя шырокія