Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І ён адыйшоў да вазоў, дзе хаваліся запасы, якія належалі да іхняга курэня. Сэрца яго стукацела. Усё мінулае, усё, што было заглушана цяперашнімі казацкімі бівакамі, строгім ваяцкім жыцьцём, — усё ўсплыло разам наверх, патапіўшы, у сваю чаргу, цяперашняе. Ізноў выплыла наверх перад ім, як з цёмнае марское глыбіні, гордая жанчына; ізноў бліснулі ў яго памяці прыгожыя рукі, вочы, расьсьмяяныя вусны, густыя цёмнаарэхавыя валасы, кучарава распушчаныя па грудзёх, і ўсе пружыністыя, у згоднай камбінацыі створаныя, часьці дзявочага стану. Не, яны не пагасалі, ня зьнікалі ў яго грудзёх, яны пастараліся толькі, каб даць на нейкі час прастор іншым магутным рухам; але часта, часта імі трывожаны быў глыбокі сон маладога казака, і часта, прачхнуўшыся, ляжаў ён бяз сну на пасьцелі, ня ўмеючы вытлумачыць таму прычыны.

Ён ішоў, а біцьцё сэрца рабілася мацнейшым, мацнейшым, пры аднэй думцы, што ўбачыць яе ізноў, і дрыжалі маладыя калены. Прыйшоўшы да вазоў, ён зусім запомніў, чаго прыйшоў: паднёс руку да лоба і доўга цёр яго, стараючыся прыпомніць, што яму трэба рабіць. Нарэшце, здрыгануўся, увесь набраўся перапуду: яму раптам прыйшло на думку, што яна памірае з голаду. Ён кінуўся да воза і схапіў некалькі вялікіх чорных боханаў сабе пад руку; але тут-жа падумаў: ці ня будзе гэтая страва, добрая для здаравяцкага, неразборлівага запарожца, грубаю і няпрыстойнаю яе далікатнай будове. Тут успомніў ён, што ўчора папікаў кашавы кашавараў за тое, што зварылі за адзін раз усю грачаную муку на саламату, тады як яе хапіла-б на добрыя тры разы. Зусім пэўны, што ён знайдзе колькі хоча саламаты ў саганох, ён выцягнуў бацькаўскі паходны саганчык і з ім скіраваўся да кашавара іхняга курэня, спаўшага каля двух дзесяцьвядзёрных катлоў, пад якімі яшчэ быў цёплы попел. Зірнуўшы