Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што-ж, яна замужам? Ды кажы-ж, — якая ты дзіўная! — што яна цяпер…

— Яна другі дзень нічога ня ела.

— Як?

— Ні ў каго з меставых жыхароў няма ўжо даўно кавалка хлеба, усе даўно ядуць адну зямлю.

Андрый астаўпеў.

— Панначка бачыла цябе з меставога валу разам з запарожцамі. Яна сказала мне: „Ідзі, скажы рыцару: калі ён помніць мяне, каб прыйшоў да мяне; а ня помніць, — каб даў табе кавалак хлеба дзеля старое мае маці, таму што я не хачу бачыць, як пры мне памрэ маці. Хай лепш я раней, а яна пасьля мяне. Прасі і хапай яго за калены і за ногі: у яго таксама ёсьць старая маці, — каб у імя яе даў хлеба.“

Шмат усялякіх пачуцьцёў абудзілася і загарэлася ў маладых грудзёх казака.

— Але яка ты тут? Як ты прыйшла?

— Пад’земным ходам.

— Хіба ёсьць пад’земны ход?

— Ёсьць.

— Дзе?

— Ты ня здрадзіш, рыцар?

— Прысягаю крыжам сьвятым!

— Спусьціўшыся ў яр і перайшоўшы праток, там, дзе чарот.

— І выходзіць у самае места?

— Проста да меставога манастыра.

— Хадзем, хадзем зараз-жа!

— Але, у імя Хрыста і Сьвятое Марыі, кавалак хлеба!

— Добра, будзе. Стой тут каля воза, ці лепш, кладзіся на яго: цябе ніхто ня ўбачыць, усе сьпяць, я зараз вярнуся.