Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што казакоў было трынаццаць чалавек. „А ну, дзеці, папрабуйце даганіць татарына! і не прабуйце, — ніколі ня зловіце: у яго конь быстрэйшы за майго Чорта.“ Аднак-жа Бульба ўзяў перасьцярогу, баючыся дзе-нібудзь схаванае засадкі. Яны прыехалі да невялічкае рэчкі, званае Татаркаю, якая ўпадае ў Дняпро, кінуліся ў ваду з коньмі сваімі і доўга плылі па ёй, каб схаваць свой сьлед, і тады ўжо, выбраўшыся на бераг, яны ехалі далей.

Цераз тры дні пасьля гэтага яны былі ўжо недалёка ад месца, быўшага мэтаю іхняе падарожы. У паветры раптам захаладзела: яны пачулі, што блізка Дняпро. Вось ён зіхаціць у воддалі і цёмнаю палоскаю аддзяліўся ад гарызонту. Ён веяў халоднымі хвалямі і расьсьцілаўся бліжэй, бліжэй, і нарэшце ахапіў палову ўсяе паверхні зямлі. Гэта было тое месца Дняпра, дзе ён, дагэтуль сьпёрты парогамі, браў, нарэшце, сваё і шумеў, як мора, разьліўшыся па волі, дзе кінутыя ў сярэдзіну яго астравы выціскалі яго яшчэ далей з берагоў, і хвалі яго слаліся шырока па зямлі, не сустрачаючы ні скалаў, ні ўзвышшаў. Казакі зыйшлі з коняй сваіх, узыйшлі на паром і цераз тры гадзіны былі ўжо каля берагоў остраву Хортыцы, дзе была тады Сеча, гэтак часта зьмяняўшая сваю сядзібу.

Купа народу лаялася на беразе з перавозчыкамі. Казакі аглядзелі коні. Тарас прыхарашыўся, сьцягнуў на сабе магчыма тужэй пояс і горда правёў рукою па вусох. Маладыя сыны яго таксама аглядзелі сябе з ног да галавы, з нейкім страхам і неазначальнаю ўцехаю, і ўсе разам уехалі ў прадмесьце, якое было за паўвярсты ад Сечы. Пры ўезьдзе, іх аглушыла пяцьцзесят кавальскіх малатоў, удараўшых у дваццацёх пяцёх кузьнях, укрытых дзірваном і выкапаных у зямлі. Дужыя гарбары сядзелі пад паветкаю ганкаў на вуліцы і мя́лі сваімі здаравяцкімі рукамі валовыя скуры, крамнікі пад яткамі сядзелі з гурбамі