Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на час ковенскага ваяводы. У чародную-ж ноч, з належнаю да адных бурсакоў рызыкаю, ён пералез праз частакол у сад, залез на дзерава, якое раскідалася галінамі на самую стрэху хаты; з дзерава пералез ён на страху і праз комін залез проста ў спальню да красуні, якая ў гэты час сядзела перад сьвечкаю і вымала з вушэй сваіх дарагія завушніцы. Прыгожая панечка гэтак спалохалася, убачыўшы раптам перад сабою незнаёмага чалавека, што не магла вымавіць ніводнага слова; але калі заўважыла, што бурсак стаяў, спусьціўшы вочы і ня сьмеючы ад трусасьці варушыць рукою, калі пазнала ў ім таго самага, які ўпаў перад яе вачыма на вуліцы, дык сьмех ізноў апанаваў яе. Пры гэтым у Андрыевых рысах нічога ня было страшнага: ён быў вельмі харошы. Яна ад душы сьмяяляся і доўга забаўлялася над ім. Красуня была ветраная, як палячка; але вочы яе, вочы цудоўныя, прабіўча-ясныя, кідалі пагляд доўгі, як заўсёднасьць. Бурсак ня мог паварушыць рукою і быў зьвязаны, як у мяшку, калі ваяводава дачка адважна падыйшла да яго, узлажыла яму на галаву сваю бліскучую дыядэму, павесіла на губы яму завушніцы і накінула на яго кісейную празрыстую шэмізэтку з фэстонамі, вышытымі золатам. Яна ўбірала яго і рабіла з ім тысячу розных глупстваў, з развязнасьцю дзіцяці, якою адрозьніваюцца ветраныя палячкі і якая ўкінула беднага бурсака ў яшчэ большае зьдзіўленьне. Ён выглядаў сьмешнаю фігураю, разявіўшы рот і пазіраючы нярухома ў яе асьляпляльныя вочы. Стукат, разьлёгшыся ў гэты час каля дзьвярэй спалохаў яе. Яна загадала яму схавацца пад ложка, і як толькі неспакой прайшоў, клікнула сваю пакаёўку, палонную татарку, і дала ёй загад асьцярожна вывясьці яго ў сад і адтуль выправіць праз плот. Але гэтым разам бурсак наш ня так шчасьліва пералез праз плот: прачхнуўшыся стораж добра пацягнуў яго па нагах