Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і сабраная чэлядзь доўга лупцавала яго на вуліцы, пакуль быстрыя ногі не ўратавалі яго. Пасьля гэтага праходзіць каля дому было вельмі небясьпечна, таму што чэлядзь у ваяводы была вельмі вялікая лікам. Ён сустрэў яе яшчэ раз у касьцёле: яна заўважыла яго і вельмі прыемна усьмяхнулася, як даўнаму знаёмаму. Ён бачыў яе сьлізгачом яшчэ адзін раз; і пасьля гэтага ваявода ковенскі хутка выехаў, і замест прыгожае чарнавокае палячкі выглядаў з вокнаў нейкі тоўсты твар. Вось аб чым думаў Андрый, павесіўшы галаву і ўтаропіўты вочы ў грыву каня свайго.

А тымчасам сьцеп ужо даўно прыняў іх у свае зялёныя абоймы, і высокая трава абступіўшы схавала іх, і толькі чорныя казацкія шапкі адны паказваліся паміж яе каласамі.

„Э, э, э! што-ж гэта вы, хлопцы, гэтак прыціхлі?“ — сказаў, нарэшце, Бульба, апрытомнеўшы ад свае задуманасьці: „як быццам якія чарнецы! Ну, разам усе думкі к нячыстаму! Бярэце ў зубы люлькі, ды закурым, ды прышпорым коні, ды паляцімо так, каб і птушка ня ўгналася за намі!“

І казакі, прыгнуўшыся да коняй, прапалі ў траве. Ужо і чорных шапак нельга было бачыць; адна толькі струя сьцісканае травы паказвала сьлед іхняга шпаркага бегу.

Сонца выглянула даўно на расчышчаным небе і жывячым, цёплатворным сьвятлом сваім абліло сьцеп. Усё, што сумнае і соннае было на душы ў казакоў, у міг зьляцела; сэрцы іхнія трапяснуліся, як птушкі.

Сьцеп, чым далей, тым больш харашэў. Тады ўвесь Поўдзень, увесь той прастор, які складае цяперашнюю Новаросію да самага Чорнага мора, быў зялёнаю, дзявочнаю пушчаю. Ніколі плуг не праходзіў па нязьмерных хвалях дзікіх расьлінаў; адны толькі коні, што хаваліся ў іх, як у лесе, вытоптавалі іх. Нішто ў прыродзе не