Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яе дзявоцкіх і разам моцных мускулаў, дыхала ў яго лятуценьнях нейкім нявымоўным салодкім імпатам. Ён старанліва ўтойваў ад сваіх таварышоў гэтыя рухі палкае юнацкае душы, таму што ў тагочасны век было сорамна і бясчэсна думаць казаку аб жанчыне і каханьні, ня зьведаўшы бітвы. Наагул у апошнія гады ён радчэй зьяўляўся павадыром якой-нібудзь ватагі, але часьцей цягаўся адзін дзе-нібудзь у ціхім завулку Кіева, затопленага ў вішнёвых садох, сярод нізенькіх хатак, прынадна пазіраўшых на вуліцу. Іншы раз ён заходзіў і ў вуліцу арыстакратаў, у цяперашнім старым Кіеве, дзе жыла украінская і польская шляхта і дзе хаты былі выбудаваны з пэўным густам. Аднаго разу, калі ён разявіўся, на яго блізка што наехала брычка нейкага польскага пана, і сядзеўшы на козлах хурман з вельмі страшнымі вусамі аперазаў яго вельмі спрытна пугай. Малады бурсак закіпеў: з шалёнай адвагаю схапіў ён дужаю рукою сваёю за задняе кола і спыніў брычку. Але хурман, баючыся расправы, даў па конях, яны рванулі, — і Андрый, на шчасьце пасьпеўшы адхапіць руку, шлёпнуўся на зямлю проста тварам у балота. Самы звонкі і гарманічны сьмех пачуўся над ім. Ён падняў вочы і ўбачыў стаяўшую ля вакна красуню, якое яшчэ ня бачыў з роду: чарнавокую і белую, як сьнег, асьветлены ранешнім румянцам сонца. Яна сьмяялася ад усяе душы, і сьмех надаваў бліскучую сілу яе асьляпляльнаму хараству. Ён атарапеў. Ён глядзеў на яе, зусім зьбянтэжыўшыся, нясвойска абціраючы з твару свайго балота, якім яшчэ больш замазваўся. Хто-ж бы была гэтая красуня? Ён хацеў быў даведацца ад чэлядзі, якая натаўпам, у багатай вопратцы, стаяла за брамаю, абкружыўшы іграўшага маладога бандурыстага. Але чэлядзь падняла сьмех, убачыўшы яго запэцканую морду, і не ўдастоіла яго адказам. Нарэшце ён даведаўся, што гэта была дачка прыехаўшага