Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

толькі пападзецца цяпер якая-нібудзь татарва, будзе ведаць яна, што за рэч казацкая шабля“.

„Добра, сынку! далібог добра! Ды калі на тое пайшло, дык і я з вамі паеду! дальбог паеду! Якога чорта мне тут чакаць? Каб я зрабіўся грэчкасеем, дамаводам, пільнаваць авечкі ды сьвіньні, ды бабіцца з жонкаю? Ды прападзі яна: я казак, не хачу! Дык што-ж, што няма вайны? Я так паеду з вамі на Запарожжа — пагуляць. Далібог паеду!“ І стары Бульба пакрысе гарачыўся, гарачыўся, нарэшце раззлаваўся зусім, устаў з-за стала і, наставіўшыся, тупнуў нагою. — „Заўтра-ж паедзем! Нашто адкладваць? Якога ворага мы можам тут высядзець? На што нам гэтая хата? На ліха нам усё гэта? На што гэтыя гаршкі?“ Сказаўшы гэта, ён пачаў біць і кідаць гаршкі і пляшкі.

Бедная старая, прывыкшая ўжо да гэткіх паступкаў свайго мужа, сумна глядзела, седзячы на лаўцы. Яна ня сьмела нічога казаць, але, пачуўшы аб гэткай страшнай для яе пастанове, яна не магла ўтрымацца ад сьлёз; глянула на дзяцей сваіх, з якімі пагражала ёй гэткая хуткая разлука, — і ніхто ня мог-бы апісаць усяе бязмоўнае сілы яе гора, якое, здавалася, дрыжала ў вачох яе і ў сударгава-сьцісьненых губах.

Бульба быў упорлівы страшэнна. Гэта быў адзін з тых характараў, якія маглі паўстаць толькі ў цяжкі ХV век на паўкачавым куце Эўропы, калі ўся паўднёвая першабытная Украіна-Русь, пакіненая сваімі князямі, была спустошана, выпалена зусім нясьцішальнымі набегамі мангольскіх жываедаў; калі, пазбавіўшыся хаты і страхі, зрабіўся тут адважным чалавек; калі на пажарышчах, на вачох у грозных суседзяў і вечнай небясьпекі, сяліўся ён і прывыкаў глядзець ім проста ў вочы, адвучыўшыся ведаць, ці ёсьць які страх на сьвеце; калі ваенным полымем ахапіўся з давён-мірны славянскі дух і завялося казацтва — шырокая