Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хто толькі быў на месцы; і калі прыйшлі двох з іх і есаул Зьмітро Таўкач, стары яго таварыш, ён ім зараз-жа адрэкамандаваў сыноў, кажучы: „Вось пагляньце, якія малайцы! На Сечу іх хутка пашлю.“

Госьці павіншавалі і Бульбу, і абодвух юнакоў; і сказалі ім, што добрую справу робяць і што няма лепшае навукі для маладога чалавека, як Запарожаская Сеча.

„Ну-ж, паны браты, сядай кожны, дзе каму лепей, за стол. Ну, сынкі! перш за ўсё вып’ем гарэлкі!“ — гэтак казаў Бульба. „Божа багаславі! Здаровы будзьце, сынкі: і ты, Астап, і ты, Андрый! Дай-жа Божа, каб вы на вайне заўсёды былі ўдатлівы! каб бусурманаў білі, і каб туркаў білі, і татарву білі; калі і ляхі пачнуць што проці веры нашае чыніць, дык і ляхаў каб білі. Ну, падстаўляй сваю чарку; што, добрая гарэлка? А як палаціне гарэлка? То-то, сынку, дурні былі лацінцы: яны й ня ведалі, ці ёсьць на сьвеце гарэлка. Як, гэта таго звалі, што лацінскія вершы пісаў? Я грамату разумею ня моцна, а дзеля таго і ня ведаю: Горацый, ці што?“

„Бач, які бацька!“ падумаў сам сабе старшы сын, Астап: „усё, стары сабака, ведае, а яшчэ й прыкідаецца“.

„Я думаю, — архімандрыт не даваў вам і панюхаць гарэлкі“, — далей казаў Тарас. „А прызнайцеся, сынкі, моцна сьцёбалі вас бярозавымі ды сьвежым вішняком па хрыбце і па ўсім, што толькі ёсьць у казака? А мо’, дзеля таго, што вы зрабіліся ўжо вельмі разумнымі, дык мо’ і бізунамі рэзалі? Можа ня толькі суботамі, а даставалася і ў сераду, і ў чацьвяргі?“

„Няма чаго, татка, успамінаць, што было,“ — адказваў спакойна Астап: „што было, тое мінула!“

„Хай цяпер папробуе!“ сказаў Андрый: „хай цяпер хто-нібудзь толькі зачэпіць. Вось няхай