Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жорсткасьць караў можа толькі распаліць помсту казацкае нацыі. Але ўлада караля і разумных думак была нішто перад непарадкам і сьмелаю воляю дзяржаўных магнатаў, якія сваёю неабдуманасьцю, незразумелаю адсутнасьцю ўсякае далёкабачнасьці, дзіцячым самалюбствам і нікчэмнаю фанабэрыяй перавярнулі сойм у сатыру на кіраўніцтва. — Астап выносіў мукі і пыткі, як волат. Ні крыку, ні стагнаньня ня было чутно нават тады, калі пачалі перабіваць яму на руках і на нагах косьці, калі жахоўны хрумст іх пачуўся сярод мёртвага натаўпу аддаленымі глядзельнікамі, калі паненкі адвярнулі вочы свае, — нішто падобнае да стагнаньня ня вырвалася з вуснаў яго, не здрыгануўся твар яго. Тарас стаяў у натаўпе, спусьціўшы галаву, і, у той самы час, горда падняўшы вочы, і, лічачы, што усё добра, толькі казаў: — „Добра, сынку, добра!“

Але калі падвялі яго да апошніх сьмяротных мукаў, дык здавалася, як быццам пачала паддавацца яго сіла. І павёў ён вачыма вакол сябе: Божа! усё невядомыя, усё чужыя твары! Хоць-бы хто-нібудзь з блізкіх быў пры яго сьмерці! Ён не хацеў-бы чуць плачу і гора слабое маці, або шалёных крыкаў жонкі, якая рвала-б валасы і біла-б сябе ў белыя грудзі; хацеў-бы ён цяпер убачыць цьвёрдага мужчыну, які разумным словам асьвежыў-бы яго і ўцешыў пры сьмерці. І ўпаў ён сілаю і выгукнуў у духовай немачы! — „Бацька! дзе ты? Ці чуеш ты ўсё гэта?..“

— „Чую!“ — разьляглося сярод агульнае цішыні, і ўвесь мільён народу ў адзін час здрыгануўся. Часьць вайсковых коньнікаў кінулася клапатліва разглядаць натаўпы народу. Янкель зьбялеў, як сьмерць; і калі коньнікі крыху ад’ехалі ад яго, дык ён з страхам адвярнуўся назад, каб паглядзець на Тараса; але Тараса ўжо каля яго ня было: яго і сьлед астыў.