Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кунтушы з пачарнеўшымі залатымі шнуркамі, хапаў першы, пры падмозе доўгіх рук, цалаваў атрыманую здабычу, прытуляў яе да сэрца і пасьля клаў у рот. Сакол, вісеўшы ў залатой клетцы пад бальконам, быў таксама глядзельнікам: перагнуўшы на бок дзюбу і задраўшы лапу, ён, з свайго боку, разглядаў таксама ўважна народ. Але натаўп раптам зашумеў, і з усіх бакоў пачуліся галасы: — „Вядуць! вядуць! казакі!“

Яны ішлі з голымі галовамі, з доўгімі чубамі; бароды ў іх былі абросшыя. Яны ішлі ні баязьліва, ні панура, але з нейкаю ціхаю гордасьцю; іхнія вопраткі з дарагога сукна пастарэлі і целяпаліся на іх старымі лахманамі; яны не глядзелі і ня кланяліся народу. Наперадзе ўсіх ішоў Астап.

Што пачуў стары Тарас, калі ўбачыў свайго Астапа? Што было ў яго тады на сэрцы? Ён пазіраў на яго з натаўпу і не прапусьціў ніводнага руху яго. Яны падыйшлі ўжо да лобнага месца. Астап затрымаўся. Яму першаму прыходзілася выпіць гэту горкую чашу. Ён глянуў на сваіх, падняў руку ўгару і сказаў голасна: — Дай-жа, Божа, каб усе, якія толькі тут стаяць гэрэтыкі, не пачулі, нягодныя, як мучыцца хрысьціянін! Каб ніводзін з вас не прамовіў ніводнага слова! Пасьля гэтага ён падыйшоў да эшафоту.

— Добра, сынку, добра! — сказаў ціха Бульба і упёр у зямлю сваю сівую галаву.

Кат садраў з яго старыя лахманы; яму ўвязалі рукі і ногі ў сумысьля зробленыя станкі, і… ня будзем трывожыць чытачоў абразом пякельных мукаў, ад якіх дуба сталі-б іхнія валасы. Яны былі параджэньнем тагочаснага грубага злога веку, калі чалавек яшчэ вёў крывавае жыцьцё адных вайсковых подзьвігаў і загартаваўся ў ім душою, ня чуючы чалавечнасьці. Дарэмна некаторыя, няшмат якія, быўшыя выняткамі з веку, зьяўляліся праціўнікамі гэтых жахоўных мераў. Дарэмна кароль і шмат якія рыцары, прасьветленыя розумам і душою, лічылі, што падобная