Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І ніхто з найбліжэйшых да яго казакоў ня мог-бы пазнаць яго. На выгляд яму здавалася ня больш як трыццаць пяць гадоў. Здаровы румянец іграў на яго шчоках, і самыя шнары прыдавалі яму нешта загадвальнае. Вопратка, убраная золатам, вельмі ўходзіла на ім.

Вуліцы яшчэ спалі. Ніводная мэркантыльная істота яшчэ не паказвалася ў месьце з кошыкам у руках. Бульба і Янкель прыйшлі да будынку, меўшага выгляд сядзячае чаплі. Ён быў нізкі, шырокі, вялізны, пачарнеўшы, і з аднаго боку яго выкідалася, як буслава шыя, доўгая, вузкая вежа, на версе якое стырчэў кусок страхі. Гэты будынак спраўляў шмат розных павіннасьцяў: тут былі і казармы, і вастрог, і нават крымінальны суд. Нашыя падарожнікі ўвайшлі ў браму і апынуліся сярод прасторнае салі або закрытага падворку. Каля тысячы чалавек спалі разам. Проста йшлі нізенькія дзьверы, перад якімі сядзеўшыя два вартаўнікі гулялі ў нейкую гульню, якая была ў тым, што адзін аднаго біў двама пальцамі па далоні. Яны мала зьвярнулі ўвагі на прайшоўшых і павярнулі галовы толькі тады, калі Янкель сказаў: — Гэта мы; чуеце, паны: гэта мы.

— Ідзеце! — казаў адзін з іх, адчыняючы аднэй рукою дзьверы, а другую падстаўляючы свайму таварышу дзеля прыняцьця ад яго ўдараў.

Яны ўвайшлі ў калідор, вузкі і цёмны, які ізноў прывёў іх у гэткую самую салю з маленечкімі ваконцамі ўгары. — Хто ідзе? — закрычала колькі галасоў, і Тарас убачыў значную колькасьць ваякаў у поўным азброеньні. — „Нам нікога ня казана пушчаць.“

— Гэта мы! — крычаў Янкель, — далібог, мы, ясныя паны! — Але ніхто не хацеў слухаць. На шчасьце, у гэты час падыйшоў нейкі таўсьцяк, які, паводле ўсіх прыкметаў, здаваўся начальнікам, таму што лаяўся мацней за ўсіх.