Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зусім ня можна! Далібог, ня можна! Гэткі нядобры народ, што яму трэба на самую галаву напляваць. Вось і Мардахай скажа. Мардахай рабіў гэткае, якога яшчэ не рабіў ніводзін чалавек на сьвеце; але Бог не хацеў, каб гэтак было. Тры тысячы войска стаяць, і заўтра іх усіх будуць казьніць.

Тарас зірнуў у вочы жыдом, але ўжо без нецярплівасьці і гневу.

— А калі пан хоча бачыцца, дык заўтра трэба рана, так каб яшчэ і сонца ня ўсходзіла. Вартаўнікі згаджаюцца, і адзін левэнтар дакляраваў. Толькі хай ім ня будзе на тым сьвеце шчасьця, ой, вэй мір! Што гэта за лакомы народ! І паміж намі гэткіх няма: пяцьдзесят чырвонцаў я даў кожнаму, а левэнтару…

— Добра. Вядзі мяне да яго! — сказаў Тарас рашуча, і ўся цьвёрдасьць вярнулася ў яго душу. Ён згадзіўся на Янкелеву прапазыцыю пераапрануцца чужаземным графам, прыехаўшым з нямецкае зямлі, дзеля чаго і вопратку ўжо пасьпеў прызапасіць прадбачлівы жыд. Была ўжо ноч. Гаспадар дому, вядомы рыжы жыд з рабаценьнем, выцягнуў худы сяньнік, пакрыты нейкаю пляцёнкаю і разаслаў яго на лаўцы для Бульбы. Янкель лёг на падлозе на гэткім самым сяньніку. Рыжы жыд выпіў невялічкую чарачку нейкае настойкі, скінуў паўкаптанак, і, зрабіўшыся ў сваіх панчохах і атопках крыху падобным да кураняці, пайшоў з сваёю жыдоўкаю ў нешта падобнае да шафы. Але Тарас ня спаў; ён сядзеў нярухомы і паціху бубніў пальцамі па стале; ён трымаў у роце люльку і пушчаў дым, ад якога жыд праз сон чыхаў і закручваў у коўдру свой нос. Як толькі неба пасьпела крануцца белаватым прадвесьцем зарніцы, ён ужо штурхануў нагою Янкеля: — „Уставай, жыдзе, і давай тваю графоўскую вопратку!“

У мінуту апрануўся ён; вычарніў вусы, бровы, наклаў на цемя маленечкую цёмную шапачку —