Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А на Астапа ўжо наляцелі раптам шасьцёх; але ня ў добры час, відаць, наляцелі: з аднаго паляцела галава, другі перакуліўся, адступіўшы; парнула дзідай у скабу трэцяга, чацьвёрты быў адважнейшы, ухіліўся галавою ад кулі, і папала ў конскія грудзі гарачая куля — стаў дуба шалёны конь, грымнуў аб зямлю і задушыў пад сабою коньніка. — Добра, сынку! Добра, Астап! — крычаў Тарас, — вось я сьледам за табою. — А сам усё адбіваўся ад наступаўшых. Сячэ і б’ецца Тарас, сыпле гасьцінцы таму і гэтаму на галаву, а сам глядзіць усё наперад на Астапа, і бачыць, што ўжо ізноў схапілася з Астапам ледзь не васьмёк разам. — Астап! Астап! не здавайся! Але ўжо перамагаюць Астапа, ужо адзін накінуў яму на шыю аркан, ужо вяжуць, ужо бяруць Астапа. — Эх, Астап, Астап!.. Але як цяжкім каменем стукнула яго самога ў тую самую мінуту. Усё закруцілася і перакруцілася ў вачох у яго. На міг зьмяшаныя бліснулі перад ім галовы, дзіды, дым, бліскі агню, сукі з лісьцьцём дрэваў, мільгануўшыя яму ў самыя вочы. І грымнуўся ён, як падсечаны дуб, на зямлю, і туман пакрыў яго вочы.


Х

— Доўга-ж я спаў! — сказаў Тарас, прачхнуўшыся, як пасьля цяжкага хмельнага сну, і стараючыся распазнаць абкружаўшыя яго рэчы. Страшэнная слабасьць разьбірала яго. Ледзь дрыжалі перад ім сьцены і куты незнаёмае сьвятліцы. Нарэшце, заўважыў ён, што перад ім сядзеў Таўкач і, здавалася, прыслухваўся да кожнага яго дыханьня.

„Але, — падумаў сам сабе Таўкач, — заснуў-бы ты мо’ і навекі!“ — Але нічога не сказаў, пагразіў пальцам і даў знак маўчаць.

— Ды скажы-ж ты мне, дзе я цяпер? —