Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

казак быў? — сказаў Тарас, — і станам высокі, і чарнабрывы, і твар, як у шляхціча, і рука была моцная ў бітве! Прапаў! прапаў бясслаўна, як паганы сабака!

— Бацька, што ты зрабіў! Гэта ты забіў яго? — сказаў пад’ехаўшы ў гэты час Астап.

Тарас махнуў галавою.

Уважна паглядзеў няжывому ў вочы Астап. Шкада яму зрабілася брата, і сказаў ён тут-жа: — Аддамо-ж, бацька, яго чэсна зямлі, каб не пазьдзекваліся з яго ворагі і не парасьцягвалі яго цела жываедныя птушкі,

— Пахаваюць яго і бяз нас! — сказаў Тарас: — будуць у яго плакальшчыцы і уцешніцы!

І мінуты дзьве думаў ён: ці кінуць яго на расьцяганьне ваўком-сырамахам, ці пашкадаваць у ім рыцарскі спрыт, які адважны павінен шанаваць у кім-бы там ні было, — як бачыць, ляціць да яго на кані Голакапыценка: — Бяда, атамане, падужэлі ляхі; прыбыла на падмогу сьвежая сіла!.. Не пасьпеў сказаць Голакапыценка, ляціць Ваўтузенка: — Бяда, атамане, новая валіць яшчэ сіла!.. Не пасьпеў сказаць Ваўтузенка, Пісарэнка бяжыць бягом ужо без каня: — Дзе ты, бацька? Шукаюць цябе казакі. Ужо забіты курэнны атаман Невялічкі, Задарожны забіты, Чаравічэнка забіты, але стаяць казакі, ня хочуць паміраць, ня ўбачыўшы цябе ў вочы: хочуць, каб глянуў ты на іх перад гадзінай сьмерці.

— На каня, Астап! — сказаў Тарас і сьпяшаўся, каб застаць яшчэ казакоў, каб паглядзець яшчэ на іх, і каб яны глянулі перад сьмерцю на свайго атамана. Але ня выехалі яны яшчэ з лесу, а ўжо варожая сіла абкружыла з усіх бакоў лес, і паміж дрэвамі ўсюды паказаліся коньнікі з шаблямі і дзідамі. — Астап! Астап! не здавайся! — крычаў Тарас, а сам, схапіўшы шаблю на-гола, пачаў частаваць першых, якія папаліся, на ўсе бакі.