Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

спытаўся ізноў Тарас, напружваючы розум і стараючыся прыпомніць быўшае.

— Маўчы-ж! — крыкнуў строга на яго таварыш, — чаго табе яшчэ хочацца ведаць? Ці-ж ты ня бачыш, што ўвесь пасечаны? Ужо два тыдні, як мы з табою прэмся, не пераводзячы духу, і як ты ў гарачцы і жары пляцеш і гародзіш бязглузьдзіцу. Вось першы раз заснуў спакойна. Маўчы-ж, калі ня хочаш нарабіць сам сабе бяды.

Але Тарас усё стараўся і сілкаваўся сабраць свае думкі і прыпомніць быўшае. — Дык-жа ж мяне схапілі і абкружылі былі зусім ляхі? Мне-ж ня было зусім ніякай магчымасьці выбіцца з натаўпу?

— Маўчы-жа, кажуць табе, чортава дзяціна! — закрычаў Таўкач злосна, як нянька, выбітая з цярплівасьці, крычыць неўгамоннаму шалапуту-дзіцяці. — Што за карысьць ведаць табе, як вырабіўся? Даволі таго, што вырабіўся. Знайшліся людзі, якія цябе ня выдалі, — ну і годзі ўжо! Нам яшчэ ня мала ночаў ляцець разам! Ты думаеш, што пайшоў за простага казака? Не, тваю галаву ацанілі ў дзьве тысячы чырвонцаў.

— А Астап? — закрычаў раптам Тарас, натужыўся крыху ўстаць і раптам успомніў, як Астапа схапілі і зьвязалі на вачох у яго, і што ён цяпер ужо ў ляскіх руках. І ахапіла гора старую галаву. Пазрываў і пазьдзіраў ён усе перавязкі ранаў сваіх; кінуў іх далёка вон, хацеў гучна нешта сказаць — і замест таго панёс бязглузьдзіцу: гарачка і броеньне ізноў апанавала яго, і пайшлі бяз толку і сувязі шалёныя словы. А тым часам верны таварыш стаяў перад ім, лаючыся і рассыпаючы бяз ліку жорсткія дакорлівыя словы і папіканьні. Нарэшце, схапіў ён яго за ногі і рукі, спавіў, як дзіця, паправіў усе перавязкі, завінуў яго ў валовую скуру, увязаў у лубкі і, прымацаваўшы вяроўкамі да сядла, паляцеў ізноў з ім у дарогу.